Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАПАНАВАНАЯ АГУЛЬНАЯ ПЛЯТФОРМА ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ НА ПРЭЗЫДЭНТА


Віталь Цыганкоў, Менск

Праект праграмы надзвычай ляканічны — кожны з разьдзелаў складаецца ўсяго зь некалькіх фразаў. Тэкст заканчваецца пунктам, у якім гаворыцца пра тое, што гарантуе новы прэзыдэнт у выпадку сваёй перамогі на выбарах. Галоўнае тут — абяцаньне на працягу трох гадоў падвысіць сярэдні заробак да 300 даляраў, а пэнсіяў — да 150 даляраў.

"Народная воля" не называе аўтараў надрукаванай плятформы. Зрэшты, газэта ў сваім камэнтары адзначае, што іхныя імёны — не сакрэт. Як удалося даведацца, праект распрацаваны адмыслоўцамі Нацыянальнага выканаўчага камітэту (гэтак званага ценявага ўраду), які ўзначальвае Мечыслаў Грыб.

Спадар Грыб патлумачыў мне, што паколькі Нацыянальны выканаўчы камітэт не зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі, то СМІ ня маюць права ад імя гэтай структуры публікаваць нейкія дакумэнты. Таму праект быў прадстаўлены "групай грамадзянаў". Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Наш падыход такі — мы нікога не прымушаем ісьці з гэтай плятформай на выбары. Мы прапануем — бярэце нашыя погляды, праграму. Бярэце цалкам ці часткова, ці распрацоўвайце сваю, ці дарабляйце нашу да сваіх падыходаў, поглядаў і гэтак далей.

Калі хоча браць гэтую праграму кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка, хай бярэ. Для гэтага мы яе і надрукавалі".

Варта дадаць, што надрукаваная ў "Народнай волі" кароткая плятформа абапіраецца на вялізную аналітычную канцэпцыю сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны "Стратэгія для Беларусі", распрацаваную і апублікаваную ў прэсе яшчэ летась.

Ці магчыма, каб пяцёрка апазыцыйных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў магла ўзяць на ўзбраеньне нейкую адзіную плятформу? Меркаваньне аднаго зь сяброў "пяцёркі" Сямёна Домаша:

(Домаш: ) "Я лічу, што тэарэтычна агульная плятформа магчымая. Тым больш, што па асобных накірунках стаўленьня да будучыні нашай дзяржавы мы можам знайсьці аднолькавы падыход. Так што тэарэтычна гэта магчыма. Як гэта ўдасца зрабіць на практыцы — гэта ўжо іншае пытаньне".

(Карэспандэнт: ) "Сярод "пяцёркі" кандыдатаў, на вашую думку, больш агульнага ці больш таго, што падзяляе?"

(Домаш: ) "Я думаю, што больш агульнага. Хаця ёсьць і прынцыповыя пытаньні, якія трэба будзе вырашаць. Асабліва ў стаўленьні да адносінаў з іншымі краінамі, магчыма, у стаўленьні да незалежнасьці і нэўтралітэту Беларусі (вы ведаеце, пра каго можа ісьці размова).

Але ў асноўным у прынцыпах забесьпячэньня правоў чалавека, у агульнай дэмакратызацыі грамадзтва, у неабходнасьці зьменаў у палітычным курсе, у міжнародных стасунках — я думаю, тут падыходы ў нас больш агульныя".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна сказаць, што спроба распрацаваць агульную плятформу — гэта станоўчы крок, да якога вы гатовы далучыцца?"

(Домаш: ) "Так. Я лічу, што трэба падтрымліваць такія намаганьні".
XS
SM
MD
LG