Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАМУ “ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ” НЯ ХОЧА ПРЫЗНАЧАЦЬ ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Cёньня ў "палаце прадстаўнікоў" адбылося паседжаньне Савету "палаты". Гэты кіраўнічы орган, у які ўваходзяць кіраўнікі камісіяў "палаты", і які вырашае асноўныя пытаньні ў часе паміж сэсіямі.

Сёньня на паседжаньні гэтага Савету абмяркоўвалі парадак дня наступнай сэсіі, якая мусіць пачацца 2 красавіка. На гэтую сэсію мяркуецца вынесьці больш як 80 пытаньняў. Але (і гэта ці не сэнсацыя) пытаньня пра дату прэзыдэнцкіх выбараў сярод гэтых 80 няма.

І сёньня Савет "палаты" большасьцю галасоў адхіліў прапанову некаторых дэпутатаў паставіць гэтае пытаньне на парадак дня сэсіі.

Што гэта азначае? Што за гэтым стаіць?

Я выкажу думку, якая, здаецца, даволі відавочная: Аляксандар Лукашэнка, безумоўна, хоча трымаць сытуацыю напружанай, у падвешаным стане. Ён сам, безумоўна, ужо ведае дату прэзыдэнцкіх выбараў, але ня хоча, каб яе ведаў хто іншы.

Такі стан дае красамоўныя перавагі кіраўніку дзяржавы. І Лукашэнка імкнецца падтрымліваць гэткую няпэўнасьць сытуацыі для сваіх канкурэнтаў, каб яны нэрваваліся й блыталіся ва ўласнай стратэгіі. Зрэшты, гэта ўжо адбываецца. Дагэтуль няма адзінага кандыдата ад апазыцыі. Сярод іншага гэтак яшчэ й таму, што дату выбараў дагэтуль не прызначылі".

(Дракахруст: ) "Тое, што адбылося сёньня ў Савеце "палаты" — вынік пэўнай псыхалягічнай атакі Аляксандра Лукашэнкі. Мне здаецца, справа нават ня ў тым, што ён ведае ці ня ведае, калі сам (фактычна) аб’явіць выбары, але ў тым, што Лукашэнка хоча прадэманстраваць "палаце", што яна ня мае нават прывіду незалежнасьці.

Найхутчэй, сцэнар будзе наступны: будзе зацьверджаны парадак дня сэсіі без пытаньня пра прызначэньне выбараў, потым у пэўны момант кіраўнік дзяржавы паставіць гэтае пытаньне як надзвычайнае, і рашэньне адразу прымуць.

Такім сцэнарам Лукашэнка пакажа, што "палата" фактычна нічога ня вырашае, што нават такое пытаньне вырашае толькі ён.

Вы гаварылі, што тэрмін выбараў ужо вядомы Лукашэнку, я хацеў бы дадаць, што яго можна пралічыць і нам, калі б мы мелі пэўныя статыстычныя зьвесткі.

Некалькі месяцаў таму Лукашэнка аб'явіў, што сёлета сярэдні заробак у Беларусі будзе 100 даляраў. Мяркую, што гэтая магічная лічба й вызначыць дзень выбараў. Калі сярэдні заробак будзе 100 даляраў, плюс адзін-два месяцы (далей небясьпечна трымаць, бо заробак можа пайсьці наніз) — гэта й будзе датай выбараў".

(Цыганкоў: ) "Перш чым перадаць слова Ўладзімеру Глоду, я хачу нагадаць канстытуцыйныя нормы. Паводле Канстытуцыі 1996 году дата выбараў павінна быць прызначаная "палатай прадстаўнікоў" не пазьней як 26 чэрвеня. А самі выбары, дакладней, першы тур, мусяць прайсьці не пазьней як 26 верасьня".

(Глод: ) "Хачу зьвярнуць увагу слухачоў на некаторыя іншыя канстытуцыйныя нормы. Калі прымаюць нейкі закон, яго прымае спачатку "палата прадстаўнікоў", потым Савет рэспублікі, і нарэшце — віза прэзыдэнта.

У справе прызначэньня прэзыдэнцкіх выбараў — выключны выпадак, калі пастанова прымаецца толькі "палатай прадстаўнікоў". Ані Савет рэспублікі, ані прэзыдэнт ня могуць на яе паўплываць.

Выходзіць вельмі цікавая сытуацыя. З аднаго боку, "палата" магла б паказаць сваю сілу. Прычым яна мае для гэтага вельмі спрыяльныя ўмовы. Бо паводле Канстытуцыі на працягу першага году існаваньня новага складу "палаты" Лукашэнка ня мае права яе распусьціць, якое б рашэньне яна не прыняла.

Але зь іншага боку, пагаджуся з Дракахрустам, што Лукашэнка наўмысна так паводзіць, каб паказаць, што "палата" сапраўды нічога ня значыць".

(Цыганкоў: ) "Так, нягледзячы на тое, што "палата" вельмі кішэнная, Лукашэнка хоча паставіць яе ў непрыемную сытуацыю.

Дэпутат Іван Пашкевіч паведаміў мне сёньня, што ён разам з групай дэпутатаў (гэта прыблізна 15-20 чалавек, паводле Пашкевіча) напачатку сэсіі 2 красавіка будзе патрабаваць, каб пытаньне пра выбары прэзыдэнта паставілі на парадак дня.

Больш за тое, будзе створаная дэпутацкая група, якая стане ініцыяваць сумяшчэньне выбараў прэзыдэнта з рэфэрэндумам у пытаньнях пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту.

Але відавочна, што большасьць дэпутатаў, падпарадкаваная выканаўчай уладзе, пойдзе за кіраўніцтвам "палаты", за Паповым і Канаплёвым, і адхіліць гэтую прапанову. І выйдзе, што Лукашэнка тут нібыта ні пры чым, застаецца "ў белай кашулі" — маўляў, самі кансэрватыўныя дэпутаты ня хочуць прызначаць дату выбараў.

Але зразумела, што дэпутацкая большасьць толькі чакае сыгналу. Вось калі Лукашэнка дасьць гэты сыгнал — ведае толькі ён ды вузкае кола набліжаных да яго людзей".

(Дракахруст: ) "Такая сытуацыя, калі размова фармальна будзе ісьці пра працэдурнае пытаньне, а напраўду пра вельмі прынцыповае, даволі тыповая для палітычнага стылю Аляксандра Лукашэнкі, асабліва калі ён спрабуе зьнішчыць пагрозу ў зародку".

(Цыганкоў: ) "…Нават там, дзе пагрозы на справе няма".

(Дракахруст: ) "Пакуль няма. Бо мы ведаем, што гэтая, так бы мовіць, "ляяльная апазыцыя" (Пашкевіч, Ваганаў, Абрамава, іншыя) пакуль ня ёсьць нейкай сілай.

Але калі б яны атрымалі хай сабе й маленькую, фактычна працэдурную перамогу ў гэтым пытаньні, магчыма, іхныя шэрагі павялічыліся б, уплыў пачаў бы расьці. Гледзячы па ўсім, Лукашэнка ня хоча даваць гэтай групе нават прывіду перамогі".

(Цыганкоў: ) "Давайце скончым нашыя развагі пра "палату" — магчыма, ейныя дэпутаты нават не заслугоўваюць такой увагі. Вернемся да кіраўніка дзяржавы. Чаму ён не дае сыгналу, цягне з прызначэньнем даты выбараў? Акрамя таго, што, як мы адзначылі, Лукашэнка імкнецца падвесіць, замарозіць сытуацыю — можа ёсьць нейкія іншыя матывы?"

(Глод: ) "Мне здаецца, нельга ня ўлічваць расейскага чыньніку, бо большасьць палітолягаў схіляецца да думкі, што Расея яшчэ ня вызначылася з тым, каго падтрымліваць.

Дарэчы, мінулай суботай у газэце "Труд" быў вельмі цікавы артыкул вядомага расейскага палітоляга Ніканава, дзе ён сапраўды казаў, што Расея, на ягоную думку (а ён вельмі дасьведчаны чалавек) яшчэ ня вызначылася, каго падтрымаць у Беларусі.

Ніканаў згадвае вельмі цікавы момант. Пра Югаславію казалі, што Мілошавіч — найлепшы сябар Расеі. Але дачыненьні захоўваюцца й пры новым прэзыдэнце. Ня выключана, што ў Беларусі можа атрымацца так — замест Лукашэнкі прыйдзе нехта іншы, але дачыненьні застаюцца важнымі.

Таму, мне здаецца, Лукашэнка не сьпяшаецца й з гэтай нагоды — хоча даведацца, на чыім баку, у якой форме, зь якімі мажлівасьцямі будзе гуляць Масква".

(Цыганкоў: ) "Мы адзначалі, што адцягваньне даты выбараў дае Лукашэнку пэўную перавагу. Але калі ўлічваць тое, пра што казаў Уладзімер Глод, дык можна сытуацыю разглядаць інакш. Можа, гэта сьведчыць пра нейкую няўпэўненасьць Лукашэнкі? Ён не прызначае выбараў, бо ведае, што Масква яшчэ ня вызначылася".

(Дракахруст: ) "Лукашэнку надзвычай важна, каб за некалькі месяцаў да выбараў сярэдні заробак у Беларусі быў 100 даляраў. Гэта залежыць ад пэўных крокаў Масквы. Мы ведаем, што Расея прыпыніла прадастаўленьне крэдыту на 30 мільёнаў даляраў. Магчымыя таксама іншыя крокі ў той ці іншы бок.

Затрымка з прызначэньнем тэрміну выбараў, магчыма, зьвязаная й з гэтым. Лукашэнка ня ведае пакуль, якая фінансавая дапамога пойдзе з Масквы ды калі будзе забясьпечаная магічная лічба 100 даляраў, ды ці будзе яна навогул".

(Глод: ) "Нагадаю яшчэ адзін вельмі важны, хаця й гіпатэтычны аспэкт справы. Мы кажам толькі пра дату выбараў. Але пастанова "палаты" на гэты конт можа быць надзвычайнай у іншым пытаньні.

"Палата", напрыклад, запісвае такі пункт: каб усе кандыдаты мелі роўныя магчымасьці, прэзыдэнт Лукашэнка мусіць скласьці на пэрыяд перадвыбарнай кампаніі абавязкі кіраўніка дзяржавы. А далей яны могуць напісаць, што на гэты час паўнамоўцтвы прэзыдэнта перадаюцца прэм’ер-міністру альбо кіраўніку "палаты прадстаўнікоў" альбо Савету рэспублікі.

Тут могуць быць цікавыя гульні.

Праўда, ведаючы склад "палаты", цяжка разьлічваць, што гэта адбудзецца на практыцы. Але тэарэтычна магчымыя нечаканасьці".

(Цыганкоў: ) "Можна падсумаваць, што цяперашні склад "палаты" не адчувае ўсіх сваіх магчымасьцяў, якія дае Канстытуцыя й сытуацыя. Менавіта больш дасьведчаныя і вопытныя ў палітыцы дэпутаты (Пашкевіч, Абрамава, Навасяд), ведаюць, як і чым можна інтрыгаваць, і яны больш актыўныя.

Але, здаецца, рэшта цалкам паслухмяная выканаўчай уладзе. І пакуль не адбылося нічога такога, што магло б іх павярнуць на нейкія антыўладныя ці хаця б проста самастойныя крокі".
XS
SM
MD
LG