Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД СІНІЦЫН НЕ ВЫКЛЮЧАЕ СВАЙГО ЎДЗЕЛУ Ў ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ


Валер Каліноўскі, Менск


Падчас сустрэчы Сініцын зазначыў, што не выключае свайго ўдзелу ў выбарах як кандыдат на прэзыдэнта — усё залежыць ад умоваў правядзеньня выбараў.

Сутрэча зь Леанідам Сініцыным, які раней рассылаў дэпутатам палаты лісты з прапановамі аб умовах правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, была арганізаваная не Камісіяй па дзяржаўным будаўніцтве ці заканадаўстве, а кіраўніцтвам Камісіі па банках і фінансах, у прыватнасьці, Аляксеем Ваганавым. На сустрэчу прыйшло менш за 10 дэпутатаў. Тым ня менш Леанід Сініцын застаўся задаволеным сустрэчай.

(Карэспандэнт: ) "Гэта значыць, што ў вас тут аднадумцы?"

(Сініцын: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Вы згодны з тым, што ў прынцыпе гэтыя пытаньні, гэтыя праблемы можа вырашаць палата прадстаўнікоў?"

(Сініцын: ) "А па Канстытуцыі толькі яна павінна рашаць гэтыя пытаньні, таму што ў Канстытуцыі запісана, што “палата прадстаўнікоў” назначае выбары, у адрозьненьне ад таго, што ў ранейшай Канстытуцыі было запісана, што парлямэнт назначае тэрмін выбараў, дату выбараў".

Леанід Сініцын прапаноўваў спыніць прыватызацыю перад выбарамі, вызначыцца з тэрмінам выбараў, акрамя таго, ён мяркуе, што паводле Канстытуцыі Аляксандар Лукашэнка павінен перадаць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы на час выбарчай кампаніі.

Усе гэтыя захады паспрыяюць легітымізацыі самога Нацыянальнага сходу, лічыць Леанід Сініцын. Адказваючы на пытаньне, спадар Сініцын зазначыў, што ён не выключае й свайго ўдзелу ў выбарах кандыдатам на прэзыдэнта — гэта, паводле ягоных словаў, залежыць, ад таго, ці будуць створаныя ўмовы, ў выніку якіх можа быць абраны легітымны прэзыдэнт.

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, а хто за вамі стаіць?"

(Сініцын: ) "За мной? За мной, калі сур’ёзна, за мной стаіць праўда".

Леанід Сініцын такім чынам адмаўляецца казаць, на якія сілы ён абапіраецца, называе сябе проста грамадзянінам.

Спадар Сініцын прапануе легітымізаваць “палату прадстаўнікоў” менавіта прынцыповымі рашэньнямі па арганізацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Іван Пашкевіч, які прысутнічаў на гэтай сустрэчы, мяркуе, што намаганьні тут Сініцына марныя:

(Пашкевіч: ) "Тое, што сёньня адбылося абмеркаваньне гэтага пытаньня, і тое, што не пабаяліся прыйсьці некалькі дэпутатаў, можна лічыць, што яны падзяляюць трывогу, якую ў сваіх лістах выкладаў Сініцын.

Але каб падтрымаць ягоныя прапановы — на жаль, гэтага ня будзе. У цяперашнім парлямэнце знойдзецца ня болей за 5–10 чалавек, якія ўголас падтрымаюць Сініцына. Але калі прапановы Сініцына будуць вынесеныя дзейнай уладай, напрыклад, прэзыдэнтам, то некаторыя дэпутаты будуць бегчы навыперадкі, каб падтрымаць гэтыя ідэі. Але гэта ўжо будуць ідэі не Сініцына, а вышэйстаячай асобы".

Усё, што робіць цяпер выканаўчая ўлада, на думку Івана Пашкевіча, — вахканалія, якая накіраваная на тое, каб гэтыя выбары ня сталі легітымнымі. Як паведаміў Аляксей Ваганаў, пытаньне пра ўнясеньне на парадак дня чарговай сэсіі “палаты прадстаўнікоў” пункта пра арганізацыю прэзыдэнцкіх выбараў прапанаваная для разгляду групай дэпутатаў на заўтрашнім паседжаньні Савету палаты.

На думку Ваганава, пры назначэньні даты й вызначэньні ўмоваў выбараў патрэбныя кансультацыі дэпутатаў з выканаўчай уладай, усімі палітычнымі партыямі й арганізацыямі, уключна з апазыцыяй.
XS
SM
MD
LG