Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК УДЗЕЛ П.КАЗЛОЎСКАГА І З.ПАЗЬНЯКА Ў ВЫБАРАХ ПАЎПЛЫВАЕ НА ПРЭЗЫДЭНЦКУЮ КАМПАНІЮ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Учора былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі заявіў пра свой намер вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнта. Фактычна Казлоўскі — першы кандыдат, які паведаміў пра гэта афіцыйна.

Апазыцыя дагэтуль ня вызначылася з адзіным кандыдатам, хаця й звузіла кола прэтэндэнтаў да трох чалавек — Сямёна Домаша, Уладзімера Ганчарыка й Міхаіла Чыгіра.

Як бачым, у гэтай тройцы няма Паўла Казлоўскага. Ці азначае гэта, што варыянт з адзіным кандыдатам ужо можна лічыць няспраўджаным? Ці наадварот — вылучэньне Паўла Казлоўскага ўваходзіць у агульную ўзгодненую стратэгію паводзінаў апазыцыі?

Уладзімер Глод учора прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі Казлоўскага. Што за паводзінамі Казлоўскага — жаданьне гуляць у адзінай камандзе ці весьці ўласную гульню?"

(Глод: ) "Учора журналісты рубам паставілі пытаньне перад Казлоўскім. Яны казалі: “Як разумець ваш учынак? Вы пойдзеце самастойна альбо не адкідаеце ідэі пра адзінага кандыдата?”

Казлоўскі лічыць, што на этапе рэгістрацыі мусяць зарэгістравацца як мага больш кандыдатаў дэмакратычнага кірунку. Адзіны кандыдат трэба заявіць пасьля працэдуры рэгістрацыі.

Казлоўскі мяркуе, што гэта спрашчае многія пытаньні. Ён упэўнены, што некаторым прэтэндэнтам будзе вельмі цяжка зарэгістравацца. Сёньня ідзе гаворка пра тое, ці будзе Чыгір альбо Пазьняк адзіным кандыдатам. А праз 4 месяцы, калі ані Чыгіра ані Пазьняка ЦВК не зарэгіструе як кандыдата, гэтае пытаньне адпадзе само, і выбар будзем рабіць са значна меншай колькасьці людзей.

Таму пазыцыя Казлоўскага такая: ідзе як мага больш кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Адзінага кандыдата абвесьцяць пасьля рэгістрацыі".

(Цыганкоў: ) "Юры, ці правільная такая стратэгія, пра якую гаварыў спадар Глод — забясьпечыць на першым этапе як мага больш кандыдатаў. Ці можа быць пасьпяховай такая стратэгія?"

(Дракахруст: ) "Мне падаецца малаверагодным, што чалавек, які пройдзе рэгістрацыю, раптам зь нейкіх найвышэйшых меркаваньняў здыме сваю кандыдатуру.

Я нагадаю, што дзеля рэгістрацыі трэба сабраць ня менш як 100 тысячаў подпісаў. На гэта трэба вялізныя рэсурсы, грошы. Я ня думаю, каб чалавек, які ўсё гэта прайшоў, раптам пасьля рэгістрацыі кажа: так, я лічу, што іншы больш варты за мяне, і я сваю кандыдатуру здымаю на ягоную карысьць. Гэта вельмі малаверагодна.

Зь іншага боку, плойма апазыцыйных ці альтэрнатыўных кандыдатаў дае магчымасьць уладзе зарэгістраваць толькі некалькі зь іх, найбольш слабых, з пункту гледжаньня ўлады. Потым улада скажа: вось, у нас жа ёсьць альтэрнатыва, ёсьць альтэрнатыўныя кандыдаты.

Калі б улада не зарэгістравала адзінага кандыдата — гэта больш сур’ёзны скандал, і ня толькі міжнародны. Нават беларускае грамадзтва можа абурыцца — чалавека, ад якога ўжо чакае нечага значная частка грамадзтва, раптам па-шулерску выкідаюць з гульні.

Калі з ж 10 зарэгіструюць 5 кандыдатаў — падаецца, што прынамсі ў самой Беларусі гэта ня выкліча нейкай жорсткай нэгатыўнай рэакцыі".

(Цыганкоў: ) "Ёсьць меркаваньне, што сама ўлада не дапусьціць, каб у Лукашэнкі быў адзіны канкурэнт. Менавіта ўлада найперш зацікаўленая, каб было як мага больш кандыдатаў і каб яны адбіралі галасы адзін у аднаго.

Але такое разьвіцьцё падзеяў можна было б дапусьціць, калі ня ўлічваць некаторых псыхалягічных асаблівасьцяў характару Аляксандра Лукашэнкі. Ён найчасьцей нелягічны з пункту гледжаньня аналітыкаў — проста таму, што баіцца некаторых кандыдатаў, таму, што не давярае свайму атачэньню. З гэтай прычыны многія аналітычныя схемы проста не працуюць.

Калі ж гаварыць пра шанцы Казлоўскага, мне здаецца, сабраць 100 тысячаў галасоў яму будзе даволі цяжка. Казлоўскі — той кандыдат, якому цяжка зарэгістравацца, але калі ён зарэгіструецца, дык з-за сваёй біяграфіі, сваёй асобы ён можа мець шанцы нават большыя за шанцы іншых кандыдатаў".

(Глод: ) "Тры месяцы таму Казлоўскі выйшаў з шэрагаў АГП, дзе ён узначальваў менскую гарадзкую арганізацыю. Падчас прэсавай канфэрэнцыі ў яго спыталіся — навошта вы гэта зрабілі? Ён патлумачыў: “Я хачу быць прэзыдэнтам Беларусі, таму павінен думаць пра ўсіх людзей Беларусі, незалежна ад іхных палітычных сымпатыяў”.

(Цыганкоў: ) "Хто можа сабраць яму 100 тысячаў подпісаў?"

(Глод: ) "У палітыцы ёсьць два ўзроўні — палітыка публічная й кулюарная. Публічна Казлоўскі выйшаў з АГП, але я не выключаю, што тая ж АГП будзе працаваць на Казлоўскага падчас выбараў. Хаця вонкава дачыненьні будуць спыненыя.

Магчыма, ня ўсе нашыя слухачы ведаюць наступную рэч. Паводле маіх зьвестак, Казлоўскі прыняў адпаведнае рашэньне ўдзельнічаць у выбарах пасьля таго, як пабываў у Маскве.

Дарэчы, за савецкім часам, напярэдадні распаду СССР, Казлоўскі камандаваў 29-й арміяй, база якой была ў Горадні. А першым намесьнікам ягоным быў Анатоль Квашнін, які зараз зьяўляецца начальнікам Генштабу расейскай арміі. Я не выключаю, што старыя сувязі іхныя захаваліся, і менавіта праз гэта Казлоўскі прыняў рашэньне, бо разьлічвае на падтрымку адпаведных колаў Расеі".

(Цыганкоў: ) "На гэтым тыдні стала вядома, што КХП БНФ вырашыла падтрымаць вылучэньне Зянона Пазьняка на прэзыдэнта. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўжо заявіла, што Пазьняк ня будзе зарэгістраваны, але давайце паразважаем пра тое, што можа прынесьці ўладзе ўдзел Пазьняка ў прэзыдэнцкіх выбарах".

(Дракахруст: ) "Віталь, вы раней трапна адзначылі, што Аляксандар Лукашэнка заўсёды аддае перавагу найпрасьцейшым схемам.

Разважаючы пра тое, ці выгадная ўладзе кандыдатура Пазьняка, некаторыя мяркуюць, што зьяўленьне такой асобы ня вельмі добра для ўлады. На тле Пазьняка кандыдат Домаш будзе выглядаць як памяркоўны інтэгратар.

Мне ж здаецца, што гэтыя меркаваньні маюць значэньне для грамадзтва, арганізаванага паводле нейкіх палітычных ды ідэалягічных праграмаў. Наша грамадзтва іншае. Цяпер сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра тое, што людзі альбо Лукашэнку альбо супраць Лукашэнкі.

І таму зьяўленьне любога кандыдата “супраць Лукашэнкі” разьбівае тых выбаршчыкаў, якія прагаласуюць за альтэрнатыўнага кандыдата, дэзарыентуе альтэрнатыўны электарат.

Зьяўленьне кандыдатуры Зянона Пазьняка прыцягвае ўвагу да пытаньня: “за” ці “супраць” Расеі. Пазыцыі ўсіх астатніх кандыдатаў (акрамя Пазьняка й Лукашэнкі) будуць выглядаць такімі няпэўнымі, палавіністымі.

Фактычна выбары могуць пераўтварыцца ў рэфэрэндум, выбар паміж дзьвюма пытаньнямі — пазыцыя Пазьняка й пазыцыя Лукашэнкі. Усё ж падаецца, што пры такім выбары грамадзтва аддасьць перавагу Лукашэнку.

Таму здаецца, што ўлада была б зацікаўленая ў зьяўленьні Зянона Пазьняка. Але я згодны з вамі, што ў вострых сытуацыях улада аддае перавагу простым варыянтам".

(Глод: ) "Сярод мноства аргумэнтаў “за” ці “супраць” удзелу Зянона Пазьняка я б вылучыў два галоўных.

“Супраць”. Я лічу, што незалежны кандыдат альбо кандыдат ад трэцяй сілы ці шырокай апазыцыі ня здолее перамагчы Лукашэнку ў першым туры. Барацьба не абыдзецца без другога тура. І вельмі важна, зь якімі паказчыкамі гэтыя кандыдаты ўвойдуць у другі тур. І вось частку тых галасоў, якія можа атрымаць незалежны кандыдат, адбярэ Пазьняк.

А плюс той, што на тле Пазьняка любы іншы кандыдат — ці то Домаш, Казлоўскі, Ганчарык ці хто іншы — ня будзе ўспрымацца гэткім скрайне нацыяналістычным, экстрэмістам, як Пазьняк".

(Цыганкоў: ) "Калі Пазьняк будзе ўдзельнічаць у выбарах, то ён у значнай ступені адцягне на сябе ўвесь той прапагандысцкі бруд, які пры іншым разьвіцьці падзеяў будзе ліцца на адзінага кандыдата.

Здаецца, нават без адмысловага загаду зьверху ўся прапагандысцкая машына абрынецца на Пазьняка. Ну й тое, пра што казалі Ўладзімер Глод і Юры Дракахруст — на фоне Пазьняка адзіны кандыдат будзе выглядаць даволі памяркоўным.

Акрамя таго, падчас кампаніі Пазьняк відавочна будзе крытыкаваць кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі, гэта ж ён робіць ужо цяпер. Тым самым гэта дапаможа такому кандыдату адасобіцца, пазыцыянавацца ад вобразу БНФаўца. Будзе ж сапраўдны БНФавец Пазьняк, які крытыкуе апазыцыянэра.

Адзінага кандыдата тады не назавеш БНФаўцам, нацыянал-радыкалам, фашыстам і гэтак далей. Так што магчымы ўдзел Пазьняка ў выбарах вельмі неадназначны. Але, здаецца, улада вырашыць усе гэтыя развагі сваім прымітыўным шляхам, проста не зарэгістраваўшы Зянона Пазьняка".
XS
SM
MD
LG