Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БГК ЗЬБІРАЕЦЦА ПАДАЦЬ У СУД НА ЦЭНТАРВЫБАРКАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры Гельсынскага камітэту будуць аспрэчваць дзеяньні Цэнтарвыбаркаму праз суд.

Беларускі Гельсынскі камітэт атрымаў адказ ад старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай на свой запыт адносна магчымасьці ўключэньня ў склад ініцыятыўных групаў розных кандыдатаў на прэзыдэнта адных і тых жа грамадзянаў. (Цяперашняя рэдакцыя Выбарчага кодэксу не дае адназначнага адказу на гэтае пытаньне).

Замест канкрэтнага адказу спадарыня Ярмошына паведаміла, што ўсе тлумачэньні да кодэксу Цэнтарвыбаркам будзе даваць толькі пасьля афіцыйнага пачатку прэзыдэнцкіх выбараў.

Лідзія Ярмошына таксама адзначае, што паводле свайго статуту Беларускі Гельсынскі камітэт наогул ня мае права ўдзельнічаць у выбарах, і таму, маўляў, прадстаўнікоў Гельсынскага камітэту не павінна хваляваць гэтае пытаньне.

Старшыні Цэнтарвыбаркаму таксама не падабаецца, што БГК ладзіць розныя сэмінары на перадвыбарчыя тэмы і атрымлівае на гэтыя мерапрыемствы грошы з замежных крыніцаў.

Сёньня кіраўніцтва Гельсынскага камітэту выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды адказу Лідзіі Ярмошынай. Праваабаронцы лічаць, што яна наўмысна зацягвае час і не дае тлумачэньняў супярэчлівых палажэньняў Выбарчага кодэксу.

Гаворыць адзін з аўтараў гэтай заявы, прэсавы сакратар Гельсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі:

(Маркушэўскі: ) "Беларускі Гельсынскі камітэт лічыць, што Цэнтральнай выбарчай камісіі выгодна, калі ў выбарчым заканадаўстве ёсьць неканкрэтнасьць і магчымасьць па-рознаму тлумачыць заканадаўства. Гэта дае магчымасьць рабіць фальсыфікацыі падчас выбараў".

Прадстаўнікі БГК лічаць, што пасьля прызначэньня выбараў у дэпутатаў гэтак званай Палаты прадстаўнікоў проста ня будзе часу, каб унесьці неабходныя ўдакладненьні ў Выбарчы кодэкс.

Сябры Гельсынскага камітэту зьбіраюцца зьвярнуцца ў Вышэйшы гаспадарчы суд з просьбай адмяніць шэраг актаў Цэнтарвыбаркаму і абавязаць ведамства Лідзіі Ярмошынай ліквідаваць прававыя супярэчнасьці ў выбарчым заканадаўстве.
XS
SM
MD
LG