Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЮРАСЬ БЕЛЕНЬКІ: ПАЗЬНЯК ВЕРНЕЦЦА, КАЛІ АТРЫМАЕ ГАРАНТЫІ БЯСЬПЕКІ


Ігар Карней, Менск

Прэсавай канфэрэнцыяй сёньняшняе мерапрыемства можна назваць толькі ўмоўна, бо, акрамя карэспандэнта Свабоды, на сустрэчу з кіраўніком Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі ў Беларусі больш ніхто не прыйшоў. Спадар Беленькі даў гэтаму такое тлумачэньне.

(Беленькі: ) "Мы сёньня бачым, што інфармацыя пра арганізацыі, якія цьвёрда стаяць за незалежнасьць Беларусі, ігнаруецца. Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя пра гэта сьведчыць. Мы цудоўна ведаем, што не магла такая зьява ня выклікаць цікавасьці, але ж на канфэрэнцыю ніхто не прыйшоў — гэта можна расцаніць толькі як тое, што далі каманду".

(Карэспандэнт: ) "Зьяўленьне ў сьпісе кандыдатаў на прэзыдэнта паводле вынікаў соймавай канфэрэнцыі прозьвішча Пазьняка супярэчыць курсу апазыцыі на вылучэньне адзінага кандыдата. Такім чынам, ваша партыя па-ранейшаму ня згодная са стратэгіяй аб’яднанай апазыцыі?"

(Беленькі: ) "Выбачайце, гэта мо непарлямэнцкі выраз, але гэтая валтузьня вакол адзінага кандыдата пачынае выглядаць ужо непрывабна. Людзі пачынаюць гэта разумець, гледзячы на кандыдатуры магчымыя, слухаючы іхныя выказваньні.

Рэч у тым, што мэта аб'яднанай апазыцыі — прыход да ўлады, наша ж мэта — захаваньне незалежнасьці краіны".

(Карэспандэнт: ) "Пасьля соймавай канфэрэнцыі мінула ўжо шмат часу, але пытаньне ўдзелу Зянона Пазьняка ў выбарах пакуль што ня пэўнае".

(Беленькі: ) "Калі гэта сапраўды будуць выбары, дык ён будзе ўдзельнічаць. Калі ж гэта будзе выбарчы фарс, накіраваны толькі на легітымізацыю рэжыму, то спадар Пазьняк абярэ такую форму паводзінаў, якая будзе накіраваная на адстойваньне нашай незалежнасьці, як гэта было ў 2000 годзе, калі мы першыя заявілі пра байкот і актыўна ўдзельнічалі ў гэтым байкоце".

(Карэспандэнт: ) "На ваш погляд, калі будзеце канчаткова ясна — выбары гэта ці фарс?"

(Беленькі: ) "Ня буду рабіць прагнозаў, да таго ж яшчэ няясна, калі ўвогуле будзе абвешчаная кампанія. Пакуль што ідуць неафіцыйныя папярэднія заявы, і мы павінны зважаць на інфармацыю ад аб'яднаных апазыцыянэраў.

Гэтак, Чыгір кажа, што мае кантакты з службамі расейскіх спэцслужбаў тут у Беларусі — у нармальнай краіне чалавек бы наступным днём даваў бы свае тлумачэньні ў пракуратуры. Тут жа сытуацыя іншая".

(Карэспандэнт: ) "Адной з умоваў вяртаньня ў Беларусь ёсьць гарантыя бясьпекі. Ад каго ўласна Пазьняк патрабуе гарантыяў — ад праваахоўчых органаў, пракуратуры, асабіста ад Лукашэнкі?"

(Беленькі: ) "Рэжым мусіць даць гарантыі вяртаньня спадара Пазьняка на радзіму. Такіх гарантыяў не паступіла. Прозьвішча Пазьняка, як і раней, у спэцыяльных сьпісах на мяжы. Больш за тое, мы мелі даволі дакладную інфармацыю пра фізычную ліквідацыю Пазьняка.

Гэта вельмі важнае пытаньне. Калі Пазьняк будзе зарэгістраваны як кандыдат на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, дык мы, натуральна, будзем рабіць усё, каб гарантаваць ягоную бясьпеку, нашы людзі будуць суправаджаць Пазьняка ад мяжы й па Беларусі".

Паводле кіраўніцтва Кансэрватыўнай партыі БНФ, менавіта адсутнасьць дзяржаўных гарантыяў ёсьць асноўнай перашкодай для вяртаньня Зянона Пазьняка на Радзіму ўжо бліжэйшым часам.
XS
SM
MD
LG