Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРЫШТ СЫНА МІХАІЛ ЧЫГІР НАЗЫВАЕ САНКЦЫЯНАВАНАЙ УЛАДАМІ ПРАВАКАЦЫЯЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір упэўнены, што арышт ягонага малодшага сына Аляксандра — правакацыя. Мэта — скампрамэтаваць яго як будучага кандыдата на прэзыдэнта. Пытаньне, хто стаіць за гэтай правакацыяй, Чыгір лічыць рытарычным.

(М.Чыгір: ) "Хто канкрэтна стаіць? Найвышэйшае кіраўніцтва, я не сумняюся. Яны пракалоліся з крымінальнымі справамі супраць мяне, і цяпер, напярэдадні выбараў, не знайшлі нічога лепшага, як наладзіць гэтую правакацыю з арыштам майго малодшага сына", — заявіў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Міхаіл Чыгір.

Ён распавёў журналістам, што яшчэ як быў прэм'ерам, даведаўся як Аляксандар Лукашэнка кіруе кадрамі: на ўсіх начальнікаў зьбіраюць кампрамат, а калі кампрамату няма, дык яго штучна ствараюць.

Гэтак сьледчыя стваралі кампрамат на ягоных сыноў, і цяпер ахвярай гэтых мэтадаў стаў малодшы сын Чыгіроў Аляксандар.

(М.Чыгір: ) "Я веру ў ягоную чэснасьць, ён ня мог красьці ці ўдзельнічаць у крадзяжы чужых машын. Гісторыю з крадзенымі запчасткамі проста маглі падстроіць", — заявіў Міхаіл Чыгір.

Жонка Чыгіра Юлія таксама не выключае, што кіраўніцтва краіны спрычынілася да арганізацыі гэтай правакацыі, калі гэта правакацыя. Аказваецца, Лукашэнка ведаў пра захапленьне Чыгіра-малодшага аўтамабілямі.

(Ю.Чыгір: ) "Гэта было яшчэ за часам, як Чыгір быў у Кабінэце міністраў. Лукашэнка пачуў, што наш сын займаецца рамонтам машын, і ў размове з Чыгіром ён сказаў: што ў твайго хлопца там за бізнэс? Я так разумею, што нехта яму дакладаў. Некаму тады ўжо было цікава, бо рыхтавалася глеба.

Ён Чыгіру сказаў: калі ён у цябе машынамі займаецца, дык уладкуй яго мэханікам у гаражы Кабінэта міністраў, калі ён ня можа знайсьці сабе іншай працы".

Юлія Чыгір прыводзіць адразу некальні назіраньняў на карысьць вэрсіі пра сфальшаванае абвінавачаньне.

Па-першае, яна кажа, што пацярпелыя ў гэтай справе, у якіх нібыта скралі аўтамабілі, атрымлівалі інструкцыі ад сьледчых пра тое, што ім казаць і як выглядае арыштаваны Чыгір-малодшы. Юлія Чыгір сьцьвярджае, што гэта могуць пацьвердзіць яшчэ некалькі сьведак, якія разам зь ёй учора былі ў Маскоўскім РАУСе.

Другое: аднаго з пацярпелых нібыта пазналі ўдзельнікі апазыцыйных шэсьцяў як шпега, які ня раз сачыў за апазыцыянэрамі.

І трэцяе: Юлія Чыгір згадвае падзеі апошніх дзён перад арыштам сына Аляксандра:

(Ю.Чыгір: ) "Калі нашага пад'езду стаяла машина, прыяжджала штораніцы а 9 гадзіне, зьяжджала а 18-й. На вакне машыны ляжаў бінокаль, сядзелі тры–чатыры чалавекі штораз. Яны пад'яжджалі да дому, ніхто зь іх не выходзіў, сядзелі ўвесь дзень у машыне.

Мне Саша нават казаў: мама, так адкрыта, відаць, назіраюць за домам суседнім. Ня можа быць, каб яны гэтак адкрыта стаялі ля нашага падезду, каб сачыць за намі — гэта ўжо зусім нахабства".

(Карэспандэнт: ) "Калі была ў вас такая размова?"

(Ю.Чыгір: ) "Гэта было два тыдні таму. Нядаўна мы зразумелі, што са справай Чыгіра скончана ды ўлады ня маюць выйсьця з гэтай сытуацыі. Тады мы й адчулі, што ўлады будуць шукаць іншы шлях".

Ужо пачаў працаваць адвакат Аляксандра Чыгіра — Аляксандар Пыльчанка, вядомы сваім удзелам у абароне Міхаіла Чыгіра на леташнім працэсе ў гарадзкім судзе.

Сёньня адвакат Пыльчанка ўжо падаў у Маскоўскі раённы суд Менску скаргу на незаконнае ўтрыманьне Аляксандра Чыгіра. Адвакат меў кароткую сустрэчу са сваім падабаронным, але ў прысутнасьці сьледчых.

Пасьля гэтай сустрэчы стала вядома адна вельмі істотная акалічнасьць затрыманьня Аляксандра Чыгіра.

(Ю.Чыгір: ) "У 1996 годзе майго сына зьбілі, распачалі крымінальную справу, справу гэтую пазьней прыпынілі. Рэч у тым, што асобу таго, хто зьбіваў майго сына, не ўстанавілі.

Сын сказаў Пыльчанку, што сярод тых, хто яго затрымліваў, быў і той, што яго зьбіваў. Той, чыёй асобы не ўстанавілі".

Такім чынам, паводле сьцьвярджэньня Чыгіроў, затрымліваў Аляксандра адзін з тых хуліганаў, які ў 1996 годзе зьбіў яго побач з унівэрсамам "Юбілейны", а міліцыя яго так і не знайшла.

XS
SM
MD
LG