Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ПАДТРЫМАЕ ДОМАША


Альгерд Невяроўскі, Менск

Але кіраўнікі АГП гавораць, што кандыдатура Домаша — не адзіная ад усіх дэмакратычных сілаў; ня выключана, што шырокую грамадзянскую кааліцыю на выбарах будзе прадстаўляць іншая асоба.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька правёў сёньня прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой пракамэнтаваў рашэньні, прынятыя Палітычнай радай партыі.

Паводле Анатоля Лябедзькі, Грамадзянская партыя пасьлядоўна выступала за пошук мэханізму вылучэньня адзінага кадыдата. Але палітычныя кансультацыі паміж трыма патэнцыйнымі кандыдатамі — спадарствам Домашам, Чыгіром і Ганчарыкам — вялікага плёну ня мелі.

Кіраўніцтва АГП вырашыла прапанаваць Каардынацыйнай радзе падтрымаць кандыдатуру Сямёна Домаша. Але й ад ідэі вылучэньня адзінага кандыдата ад шырокай дэмакратычнай кааліцыі лідэры партыі канчаткова не адмаўляюцца. Гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Фактычна гэта азначае, што Аб'яднаная грамадзянскай партыя ў фармаце КРДС будзе падтрымліваць С.Домаша. У фармаце больш шырокай палітычнай кааліцыі мы будзем падтрымліваць і прадстаўніка прафсаюзаў. Адзіны ж кандыдат вызначыцца значна пазьней.

Мы ствараем найбольш спрыяльныя ўмовы для дзьвюх асобаў, для іх робім пэўныя прэфэрэнцыі. Як яны гэта выкарыстаюць — пабачым бліжэй да лета".

Такім чынам, Палітычная рада АГП прызнае, што ў Беларусі цяпер два апазыцыйныя палітычныя цэнтры: большасьць суб'ектаў Каардынацыйнай рады, якія падтрымліваюць Сямёна Домаша, ды Фэдэрацыя прафсаюзаў, кандыдатам якой ёсьць Уладзімер Ганчарык.

На думку Анатоля Лябедзькі, цяпер важна, каб два гэтыя цэнтры працавалі паводле аднаго ўзгодненага сцэнару. Анатоль Лябедзька гаворыць, што АГП гатовая ў любы момант падтрымаць такога дэмакратычнага кандыдата, які будзе мець найбольшыя шанцы перамагчы А.Лукашэнку.

Пакуль жа кіраўніцтва Грамадзянскай партыі будзе падтрымліваць кандыдатуру Ўладзімера Ганчарыка толькі палітычна, а Сямёна Домаша — яшчэ й рэсурсава.

Ніхто зь сябраў палітычнай рады АГП не галасаваў супраць рашэньня падтрымаць Домаша. Разам з тым, кіраўнікі Грамадзянскай партыі лічаць, што іншыя патэнцыйныя кандыдаты, спадары Чыгір і Казлоўскі, таксама знойдуць сабе месца ў камандах кандыдатаў. Анатоль Лябедзька працягвае:

(Лябедзька: ) "Гэта няпростыя рашэньні, але мы мусім рухацца наперад. Да таго ж, Павал Казлоўскі і, у пэўнай ступені, Міхаіл Чыгір ня маюць структураў.

Думаю, што мы будзем падтрымліваць дачыненьні і з Казлоўскім, і з Чыгіром, а нашае рашэньне, магчыма падшутрхне іх да больш цесных кантактаў зь першым ці другім палітычным цэнтрам".

Сябры Палітычнай рады Грамадзянскай партыі лічаць, што ў Беларусі павінна быць адзіная перадвыбарчая каманда апазыцыі. Рада АГП таксама прыняла рэзалюцыю супраць дыскрэдытацыі ўладамі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ і зьвярнулася да міністра аховы здароўя Ігара Зелянкевіча з заклікам стварыць адмысловую камісію для абсьледаваньня стану псыхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі.


XS
SM
MD
LG