Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЗАПРАПАНАВАЛА “DELOITTE” У ЯКАСЬЦІ АЦЭНШЧЫКА “БЕЛТРАНСГАЗУ”


Юры Дракахруст, Прага

Як паведаміў выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец, гэтая прапанова накіраваная “Газпрому”.

Урадовец патлумачыў, што беларускі бок прапануе замовіць ацэнку менскаму офісу аўдытарскай кампаніі, а “Газпром” – маскоўскаму. Эдуард Таўпянец паведаміў, што Менск гатовы пайсьці насустрач расейскаму боку ў гэтым пытаньні.

Паводле выканаўцы абавязкаў міністра энэргетыкі яшчэ адной праблемай на шляху стварэньня сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” зьяўляецца разьмеркаваньне акцыяў.

Нядаўна працоўнаму калектыву “Белтрансгазу” быў прададзены невялічкі пакет акцыяў прадпрыемства ў памеры адной дзесятай адсотка. “Газпром” хоча набыць 50% акцыяў, “мы разумеем, што ў гэтай сытуацыі нават адна акцыя можа быць вырашальнай”, – сказаў Эдуард Таўпянец.

Раней беларускі бок сьцьвярджаў, што рынкавы кошт усяго “Белтрансгазу” складае 5 мільярдаў даляраў, “Газпрам” жа ацэньваў беларускае газатранспартнае прадпрыемства па балянсавым кошце – у 600 мільёнаў даляраў.

Кіраўнік менскага аддзелу DELOITTE Аляксандар Блінкоўскі паведаміў, што кампанія ўжо праводзіла ацэнку кошту аб’ектаў, падобных да “Белтрансгазу”, у Азэрбайджане і ў краінах Усходняй Эўропы.
XS
SM
MD
LG