Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ РУБЕЛЬ ПА-РАНЕЙШАМУ ЗЬБІРАЮЦЦА ПРЫВЯЗАЦЬ ДА РАСЕЙСКАГА З 1 ЛІПЕНЯ


Юлія Шарова, Менск

Паводле зьвестак Нацбанку, за першы квартал 2004 году дэвальвацыя беларускага рубля да расейскага сягала 3,1%. Гэта значна меней, чым летась. А вось адносна асноўных рэзэрвовых валютаў (даляра ды эўра) на пачатку году назіралася некаторае ўмацаваньне беларускага рубля. Даляр стаў каштаваць на 6 рублёў, а эўра — на 2,6 рубля таньней.

Намесьнік старшыні Нацбанку Васіль Мацюшэўскі зьвязвае гэта з умацаваньнем расейскага рубля, за якім падцягнулася і беларуская валюта. У той жа час рэальны эфэктыўны курс беларускага рубля ў адносінах да валютаў краінаў, якія зьяўляюцца асноўнымі замежнаэканамічнымі партнэрамі, зьнізіўся. І дзякуючы ў тым ліку гэтай акалічнасьці замежны гандаль стаў больш эфэктыўным — агульнае адмоўнае сальда скарацілася амаль на 116 мільёнаў даляраў у параўнаньні з тым жа пэрыядам мінулага году.

Але ў выпадку жорсткай фіксацыі курсу беларуская валюта можа пачаць умацоўвацца разам з расейскай, і гэта прывядзе да стратаў, бо значная частка валютнай выручкі паступае ў далярах. Васіль Мацюшэўскі, аднак, лічыць, што гэтага можа й не адбыцца.

(Мацюшэўскі: ) “Для пачатку трэба адказаць на пытаньне: а ці будзе гэтак умацоўвацца расейскі рубель і ці ёсьць для гэтага аб’ектыўная прычына? За апошнія тры дні мы бачым, што сытуацыя і тэндэнцыі не настолькі адназначныя. На сёньня рэвальвацыя расейскага рубля да даляра склала 1,6%. То бок, мы бачым, што сытуацыя вельмі супярэчлівая”.

Дапушчальныя адхіленьні ад курсу фіксацыі — 5%. Але гэтая разьбежка вельмі вялікая, гаворыць эканаміст Леанід Злотнікаў. На ягоную думку, уводзіць жорсткую прывызку ў цяперашніх умовах ня мае ніякага сэнсу. Выгадна гэта было бы толькі тады, калі паралельна ўвесьці расейскі рубель у безнаяўнае абарачэньне, тлумачыць экспэрт. Тады страты ў замежным гандлі будуць кампэнсоўвацца, бо палова беларускага экспарту ідзе ў Расею. Але размовы пра гэта спыніліся яшчэ ў мінулым годзе. Таму курсавая прывязка без дадатковых захадаў можа моцна ўдарыць па цэлых галінах эканомікі.

(Злотнікаў: ) “Моцны расейскі рубель прыгнятае разьвіцьцё машынабудаваньня ў Расеі. І моцны беларускі рубель у адносінах да даляра будзе прыгнятаць разьвіцьцё машынабудаваньня ў Беларусі, як у Расеі. У іх амаль спыніўся рост машынабудаваньня. Гэта нявыгадна нам”.

Спадар Злотнікаў, аднак, ня верыць у тое, што фіксацыя абменнага курсу беларускага рубля адносна расейскага сапраўды адбудзецца, а заявы прадстаўнікоў Нацбанку называе “пустымі размовамі”.
XS
SM
MD
LG