Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА “ГОМСЕЛЬМАШЫ” — КРЫТЫЧНАЯ ФІНАНСАВАЯ СЫТУАЦЫЯ


Казімер Яноўскі, Гомель

Рабочыя “Гомсельмашу” не атрымалі яшчэ заробак за сьнежань мінулага году. Дырэкцыя шукае сродкаў, каб нейкім чынам падтрымаць калектыў. Людзі на прадпрыемстве нэрвуюцца, што крытычная фінансавая сытуацыя можа абярнуцца скарачэньнем працоўных месцаў.

Паслухаем сяльмашаўцаў:

(Першы рабочы: ) “Ну, канечне, кожны баіцца”.

(Другі: ) “Ніхто не застрахаваны”.

(Рабочая: ) “Сама не разумею, што гэта такое? Прадукцыю вырабляем, аддаем яе, але чаму нам даўгі не вяртаюць?”

Сапраўды, за адгружаную летась збожжаўборачную тэхніку, якая ўжо працавала ў полі, сельская гаспадарка вінна “Гомсельмашу” амаль 25 мільярдаў рублёў. Найбольшыя даўгі ў Менскай, Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей.

Больш за тое, да гэтага часу на “Гомсельмашы” ня ведаюць памеру дзяржаўнага заказу на выраб тэхнікі на сёлета. Вядзецца толькі гаворка, каб сяльмашаўцы выпусьцілі для вёскі 1000 збожжа- і кормаўборачных камбайнаў. Аднак пад гэтую праграму не атрымана яшчэ ні рубля. Мінсельгасхарч разам з аблвыканкамамі могуць сабраць толькі 89 мільярдаў рублёў, а патрэбна 168 мільярдаў.

Сёньня дырэкцыя “Гомсельмашу” распавядала пра крытычную фінансавую сытуацыю, што склалася ў калектыве, прэм’ер-міністру Генадзю Навіцкаму. Ён спэцыяльна прыяжджаў у Гомель разьбірацца з праблемнымі прадпрыемствамі.

Выйсьце прэм’ер бачыць у акумуляцыі банкаўскіх сродкаў і продажы сяльмашаўскай тэхнікі вяскоўцам у лізынг.

(Навіцкі: ) “Па кошце камбайн ня ў стане купіць нават буйная гаспадарка. Патрэбныя банкаўскія крэдыты, сыстэма лізынгу і вяртаньня грошай. Так зараз працуе ўвесь сьвет. Лізынгам нас падпіраюць замежныя вытворцы камбайнаў. У іх велізарныя фінансавыя магчымасьці для лізынгу. У нас — фінансавыя цяжкасьці. Банкі ня здольныя акумуляваць вялікія сродкі. Але мы павінныя разумець, што іншага выйсьця няма. Вось запусьцім лізынг — і “Гомсельмаш” пойдзе, як буйны ляйнэр у акіяне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG