Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МАГІЛЁЎСКІМ МЭТАЛЮРГІЧНЫМ ЗАВОДЗЕ АДБЫЛАСЯ АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ РАБОЧЫХ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Каля адміністрацыйнага будынку Магілёўскага мэталюргічнага заводу ў абедзенны перапынак сабралося каля дзьвюх соцень рабочых. Яны трымалі ў руках плякаты “Дзе нашыя грошы?”, “Ганьба кіраўніцтву заводу” і казалі, што не баяцца, таму што горш ужо быць не можа.

Рабочыя пратэстуюць супраць закрыцьця труба-ліцейнага цэху. Некалькі месяцаў таму вытворчасьць у ім была спыненая як нерэнтабельная, а рабочыя адпраўленыя ў вымушаны адпачынак. Іх заробак за апошні месяц склаў 50-70 тысяч рублёў. Некаторыя жанчыны, каб карміць дзяцей, цяпер працуюць на заводзе прыбіральшчыцамі.

(Спадарыня: ) “А хто і ўвогуле яшчэ не ўладкаваўся. Куды людзям ісьці? Заробкі мізэрныя. Што застаецца рабіць? Увогуле жах што адбываецца. Новы дырэктар не прыйшоў падымаць, а ўвогуле разваліў усё!"

Рабочыя вінавацяць у сваіх бедах дырэктара Мікалая Радзівонава. Людзі скардзяцца, што ён паабяцаў зрабіць такім чынам, каб супрацоўнікі непатрэбнага цэху звольніліся самі. Людзі вырашылі гучна пратэставаць, тым больш, што ўсе яны – акцыянэры свайго прадпрыемства.

Рабочыя лічаць, што вытворчасьць заводу можа працаваць прыбыткова, а дзеяньні кіраўніцтва называюць згубнымі. Трубаліцейшчык Юры Дарашэнка ад імя працоўнага калектыву патрабуе зьмяніць кіраўніцтва мэталюргічнага заводу.

(Дарашэнка: ) “Асноўная праблема заключаецца ў тым, што ў нас некампэтэнтнае кіраўніцтва. Дырэктар і ягоная каманда вядуць завод да банкруцтва”.

Да супрацоўнікаў спыненага цэху далучыліся рабочыя тых вытворчасьцяў, якія працуюць. Яны выступаюць супраць павелічэньня аб’ёмаў працы за меншыя заробкі, як гэта прапануе адміністрацыя.

(Дарашэнка: ) “З гэтым супрацоўнікі не згадзіліся і заявілі, што калі заробак упадзе хаця б на тысячу, то няхай лічаць, што гэта ўжо перадстрайкавы стан. Ва ўльтыматыўнай форме. І станы будуць спыненыя”.

Ніхто з кіраўнікоў прадпрыемства так і ня выйшаў да рабочых, якія пратэставалі. Калі акцыя завяршалася, з будынку заводаўпраўленьня выйшаў кіраўнік прафкаму Канстанцін Конанаў, які выказаў сваё меркаваньне. Ён лічыць, што сытуацыя на прадпрыемстве вельмі складаная і не залежыць ад кіраўніка: няма грошай на закуп расейскай сыравіны, ёсьць вялікія праблемы з рэалізацыяй прадукцыі.

Рабочыя пакрыўджаныя на прафкам за тое, што ён не змагаецца за іх правы, і паведамілі Канстанціну Конанаву, што напісалі скаргу ў абкам прафсаюзаў за яго бяздзеяньне.

6 лютага на Магілёўскім мэталюргічным заводзе павінен адбыцца сход акцыянэраў. Таму рабочыя вырашылі выйсьці на акцыю пратэсту ў гэты дзень яшчэ раз, каб давесьці свае патрабаваньні да прадстаўніка дзяржавы ў акцыянэрным таварыстве і кіраўніцтва прадпрыемства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG