Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВАПАЛАЧАНЕ АБУРАНЫЯ СПЫНЕНЬНЕМ ЧЭКАВАЙ ПРЫВАТЫЗАЦЫІ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

На канфэрэнцыях працоўных калектываў вытворчых аб’яднаньняў “Нафтан” і “Палімір”, калі прымалася рашэньне аб акцыянаваньні прадпрыемстваў, яго работнікам было паабяцана, што яны змогуць ня толькі набыць акцыі па льготным кошце, але й абмяняць на іх свае імянныя чэкі “Маёмасьць”. Людзі напісалі адпаведныя заявы, і высьветлілася, што на тым жа “Паліміры” працоўны калектыў мае набыць за грошы 0,6% агульнай колькасьці акцыяў і 1,2% — за прыватызацыйныя чэкі.

І вось днямі наваполацкія нафтахімікі даведаліся, што ніякай чэкавай прыватызацыі ня будзе, і чэкі “Маёмасьць” фактычна ператварыліся ў пустыя паперкі.

Гаворыць сябар Незалежнага прафсаюзу “Паліміру” Ўладзімер Кунцэвіч:

(Кунцэвіч: ) “Год таму на канфэрэнцыі працоўнага калектыву “Паліміру” было прынятае рашэньне аб акцыянаваньні прадпрыемства. На канфэрэнцыі выступіў прэзыдэнт канцэрну “Белнафтахім” сп.Бамбіза, які паабяцаў, што адной з умоваў акцыянаваньня будзе магчымасьць набыцьця акцыяў за імянныя прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць”. Людзі адзінагалосна прагаласавалі за акцыянаваньне, напісалі заявы аб набыцьці акцыяў. Прайшоў год, і вось нам абвясьцілі, што акцыі можна набыць толькі за “жывыя” грошы. Такім чынам, улада ў асобе Савету міністраў чарговым разам увяла нас у зман”.

Рашэньне ўраду аб спыненьні чэкавай прыватызацыі сустрэта рабочымі з абурэньнем; прафкам галіновага прафсаюзу “Паліміру” рыхтуе з гэтай нагоды адкрыты ліст у Савет міністраў. І абураюцца людзі найперш таму, што акцыяў пазбавілі вэтэранаў вытворчасьці, якія сёньня знаходзяцца на пэнсіі і якія таксама мелі права набыць іх за чэкі “Маёмасьць”. Многіх вялікая хімія пазбавіла здароўя — прыкладна 200 вэтэранаў “Паліміру” сёньня прыкутыя да ложкаў, і ў выніку яны засталіся ні з чым.

Уладзімер Кунцэвіч, чый голас мы чулі, вылучаецца кандыдатам у дэпутаты гарадзкога савету і, паводле ягоных словаў, у выпадку абраньня дэпутатам, будзе рашуча змагацца за права вэтэранаў “Паліміру” й “Нафтану” абмяняць свае чэкі на акцыі прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG