Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ ГАЗАВЫ КАНСОРЦЫЮМ У БЕЛАРУСІ СТВОРАНЫ РАНЕЙ ЗА ЎКРАІНСКІ?


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня была ўдакладненая распаўсюджаная ўчора інфармацыйнымі агенцтвамі інфармацыя пра тое, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні супольнага расейска-беларускага прадпрыемства, якое зоймецца транспартаваньнем расейскага газу на Захад. Як высьветлілася, меўся на ўвазе ня ўказ, а закон, які дазволіў прыватызацыю “Белтрансгазу”.

Учора Ўладзімер Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў, што гэты “закон знаходзіцца на зацьверджаньні” ў кіраўніка Беларусі. Сам спадар Лукашэнка адразу дадаў: “Зацьверджаны ўжо”. На што Пуцін адрэагаваў гэтак: “Ну вось, я гэтага нават яшчэ ня ведаў”. А сёньня ў Маскве Ўладзімер Пуцін падчас нарады з кіраўніцтвам ураду Расеі зноў закрануў тэму “маштабных праектаў у сфэры энэргетыкі” з удзелам Беларусі. Расейскі прэзыдэнт сказаў, што беларускі бок пацьвердзіў сваю гатовасьць да стварэньня супольнае газатранспартнае сыстэмы.

Сёньня ж Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч у размове са мной заявіла, што закон, пра зацьверджаньне якога ня ведаў спадар Пуцін, быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ месяц таму:

(Пяткевіч: ) “Закон даўно падпісаны — месяц таму”.

Спадарыня Пяткевіч удакладніла, што ніякіх новых указаў што да газатранспартнае сыстэмы Аляксандар Лукашэнка не падпісваў. Яна не сказала нічога й пра схему акцыянаваньня беларускага дзяржаўнага прадпрыемства “Белтрансгаз”, хаця ўчора спадар Лукашэнка заявіў, што ёсьць тэрмін — да красавіка гэтага году скончыць усе мерапрыемствы, а да ліпеня мець супольнае беларуска-расейскае прадпрыемства транспартаваньня расейскага газу ў Эўропу.

Нічога новага не змаглі мне сказаць сёньня і ў самім “Белтрансгазе”. Кіраўніца аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю гэтага прадпрыемства Таісія Бародзіч заявіла, што пакуль “Белтрансгаз” мае зьвесткі пра ўчорашнія рашэньні двух прэзыдэнтаў толькі са сродкаў масавае інфармацыі. Я спытаўся ў спадарыні Бародзіч, што ж будзе ў красавіку ды ў ліпені.

(Бародзіч: ) “Да 1 ліпеня плянуецца завершыць акцыянаваньне. Мы ж не акцыянэрнае таварыства пакуль, а дзяржаўнае прадпрыемства. А “Газпрам” — акцыянэрнае таварыства. У красавіку... Красавік пакуль нібы пад пытаньнем. Наконт красавіка пакуль нічога не магу сказаць вам”, — заявіла Таісія Бародзіч, афіцыйная прадстаўніца “Белтрансгазу”.

Супольны газатранспартны кансорцыюм расейскі “Газпрам” стварае таксама з Украінай. З Кіева прыйшла навіна, што антыманапольны камітэт Украіны сёньня даў дазвол “Газпраму” й кампаніі “Нафтагаз Украіны” на ўзгодненыя дзеяньні што да стварэньня кансорцыюму на час перадінвэстыцыйнага этапу яго дзейнасьці. Гэты першы этап мяркуецца скончыць не пазьней за жнівень гэтага году.

Першы этап улучае распрацоўку тэхніка-эканамічнага абгрунтаваньня праекту, схемаў фінансаваньня яго дзейнасьці, канцэпцыі надзейнасьці транспартаваньня газу ды аптымізацыі маршрутаў яго транзыту. І толькі потым распачнецца другі этап — інвэстыцыйны. На яго будзе патрэбны новы дазвол антыманапольнага камітэту Ўкраіны, які падкрэсьлівае, што кансорцыюм з Расеяй ствараецца з умовай парытэту бакоў.

Дакумэнты пра заснаваньне расейска-ўкраінскага кансорцыюму былі падпісаныя яшчэ ў лістападзе, але да рэгістрацыі гэтых дакумэнтаў “Газпрам” і “Нафтагаз Украіны” мусяць прайсьці шэраг працэдураў. У прыватнасьці, “Газпрам” павінен атрымаць ліцэнзію Цэнтральнага банку Расеі на інвэставаньне за мяжу. Можна меркаваць, што падобную ж працэдуру трэба прайсьці таксама для інвэстыцыяў у Беларусі.

Адметна тое, што працэс стварэньня расейска-ўкраінскага кансорцыюму пачаўся раней, а тэрміны яго заканчэньня пазьнейшыя ў параўнаньні з агучанымі ўчора Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Пуціным. Урады Расеі ды Ўкраіны толькі пачнуць разглядаць бізнэс-мадэль кансорцыюму не пазьней за жнівень 2003 году, а ў Менску абяцаюць усё скончыць ужо ў ліпені.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG