Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ДАРАЖЭЕ ЭЎРА


Міхал Стэльмак, Менск

13 студзеня на Беларускай валютна-фондавай біржы зарэгістраваны рэкордны курс эўра. Паводле вынікаў гандлёвай сэсіі, абменны курс эўрапейскай валюты дасягнуў 2037 беларускіх рублёў. Гэта на 7 рублёў больш за папярэдні курс. Вось як пракамэнтаваў нашаму радыё сытуацыю з эўра на фінансавым рынку Беларусі прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) “Курс эўра вызначаеца ўмовамі міжнароднага рынку. І паколькі там курс эўра расьце, то і ў нас адпаведна ўзрос. Паколькі мы адміністрацыйна курс не рэгулюем. А ўсё залежыць ад попыту і прапановаў на яго. Але зазначу, што на сёньняшні дзень для міжнародных разьлікаў нам дастаткова эўра. Таму што з партнэрамі па дамовах у асноўным вядуцца безнаяўныя разьлікі”.

Іншая сытуацыя на беларускім рынку з наяўнай эўрапейскай валютай. Ці можна эўра набыць зараз у Менску? 13 студзеня я наведаў шэраг сталічных абменных пунктаў камэрцыйных банкаў. У “Тэхнабанку” па вуліцы Карла Маркса касірка Алена Паўлавец паведаміла:

(Паўлавец: ) “Не здаюць нам эўра. Больш яго ў нас хочуць набыць”.

Не было эўра і ў абменных пунктах дзяржаўнага “Беларусбанку”. З прычыны такой сытуацыі пакупнікі эўра, як паведаміў мне адзін зь іх, шукаюць эўра па ўсім Менску:

(Сяргей: ) “Цяжка знайсьці. Вось я быў у “Прамбудбанку”, дык там сказалі, што няма”.

Дэфіцыт наяўных эўра нэгатыўна адбіваецца на турыстычным бізнэсе. Вось што зазначыла на гэты конт намесьніца дырэктара менскага турыстычнага агенцтва “Віеста-трэвэл” Тацяна Кавалёва:

(Кавалёва: ) “Людзі не заўжды могуць набыць эўра ў нашых абменных пунктах валюты. Асабліва з пэрыфэрыі — з абласьцей і раёнаў. Яны прыяжджаюць і кажуць, што ў нас, напрыклад, у Віцебску, у Полацку мы ня можам купіць эўра”.

Ці можна чакаць паляпшэньня па часе? Прэсавы сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч так адказаў на гэтае пытаньне:

(Журавовіч: ) “У нас традыцыйна склалася так, што насельніцтва выкарыстоўвае даляры. Людзі прызвычаіліся да гэтай валюты. А эўра паступова ўваходзіць на беларускі рынак. Але наяўнасьць эўра залежыць ад насельніцтва. Калі насельніцтва прадае эўра, то тады яно і бывае ў абменных пунктах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG