Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ РАЗГАРЫЦЦА БЕЛАРУСКА–РАСЕЙСКАЯ ПІЎНАЯ ВАЙНА Ў 2003 ГОДЗЕ?


Міхал Стэльмак, Менск

Беларускіх аматараў расейскага піва сёньня расчараваў першы намесьнік прэзыдэнта канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Аляксей Рубец. Вось што ён паведаміў нашаму Радыё:

(Рубец: ) “Усё ж такі мы грамадзяне гэтай краіны. І для нас расейскі партнэр вельмі паважаны, мы яго вельмі шануем... Але мы хочам уліку расейскага піва. Больш як 90% імпартнага піва на беларускім рынку завозіцца з Расеі. Мы хацелі б, каб гэты імпартэр быў сумленным. Аднак факты сьведчаць пра іншае. Калі я скажу, што з Расеі завезена толькі 2,5 мільёна дэкалітраў піва, вы ніколі не паверыце”.

Паводле ягоных словаў, насамрэч Расея завозіла ў Беларусь піва ў 7–10 разоў больш. Гэта быў “шэры” імпарт, які нібыта справакаваў вытворчы заняпад беларускіх бровараў. Таму, як вынікае з тлумачэньняў чыноўніка, і быў прыпынены свабодны імпарт у Беларусь расейскага піва. У жніўні Савет Міністраў прыняў пастанову пра ліцэнзаваньне расейскага піва. Прычым, адна такая ліцэнзія каштуе 11 тысячаў даляраў.

Такі крок абурыў расейскіх вытворцаў. Вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё намесьнік кіраўніка Саюзу расейскіх півавараў Аляксандар Троіцкі:

(Троіцкі: ) “На якіх падставах і зь якіх прычынаў Беларусь аднабаковым парадкам парушае пагадненьне пра адзіную эканамічную прастору? У нас жа Саюзная дзяржава, у якой ніхто не адмяняў двухбаковыя беларуска–расейскія пагадненьні. Таму мы першапачаткова накіравалі пратэст на дзеяньні Беларусі на адрас кіраўніцтва Саюзнае дзяржавы. А 18 сьнежня мы зьвярнуліся па дапамогу да віцэ-прэм’ера Расеі Аляксея Кудрына са скаргаю, што Рэспубліка Беларусь парушае міжурадавае пагадненьне ў пытаньні гандлю”.

Паводле словаў Аляксандра Троіцкага, расейскія півавары настойваюць, каб урад Расеі прыняў адэкватныя захады — увёў эканамічныя санкцыі супраць беларускіх экспартэраў піва. Спадар Троіцкі не выключае, што ўжо ў студзені 2003 году Расея прыме такое рашэньне.

Відавочна, такое разьвіцьцё падзеяў не задавальняе беларускі бок. Аднак, як вынікае з тлумачэньня прадстаўніка “Белдзяржхарчпраму” Аляксея Рубца, працягу скандалу ў 2003 годзе, здаецца, не пазьбегчы:

(Рубец: ) “Тое, што абурае расейскі бок,— мы прапаноўваем маркіраваць расейскае піва адмысловым знакам. І тады ўсё піва будзе ўлічана. Няма нічога проціпраўнага ў нашых дзеяньнях, але расейскіх калегаў гэта не задавальняе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG