Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІ КАПІТАЛ СЫХОДЗІЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Паводле справаздачаў беларускага Міністэрства замежных справаў, ЗША ў сьпісе найважнейшых гандлёвых партнэраў Беларусі займае шостае-сёмае месца. Афіцыйныя беларускія асобы вінавацяць у гэтым амэрыканскі бок — маўляў, Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША не рэкамэндуе сваім бізнэсоўцам удзельнічаць у сумесных беларускіх праектах. Незалежныя экспэрты лічаць, што насамрэч — справа ў згортваньні эканамічных рэформаў. Вось што мяркуе віцэ-прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон.

(Шавельзон: ) “Беларусь павінна першай выказаць жаданьне наладзіць з Амэрыкай стасункі. У Кангрэсе ЗША — 14 кангрэсмэнаў, якія паходзяць зь Беларусі. Я асабіста зь імі сустракаўся, і яны казалі, што калі Беларусь абвесьціць пра пачатак лібэральных эканамічных рэформаў, яны гатовыя лабіраваць нашыя пытаньні. Яны разумеюць: калі эканоміка пачынае лібэралізавацца, гэта аўтаматычна пацягне лібэралізацыю палітыкі. Прыклад Кітаю: Амэрыка цудоўна разумее, што палітычныя рэформы там толькі пачынаюцца. А эканамічныя цягнуцца ўжо гадоў пятнаццаць. І там амэрыканскіх грошай — мільярдаў сто. Бо што такое эканоміка? Гэта вельмі вялікая палітыка”.

Спадар Шавельзон на пачатку 1990-х правёў не адзін дзясятак перамоваў з зацікаўленымі амэрыканскімі асобамі. Паводле яго, інтарэс да новага рынку шматразова падвысіўся пасьля візыту ў Менск у 1994 годзе тагачаснага прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана. Паралельна былі падпісаныя шматлікія кантракты, колькасьць беларуска-амэрыканскіх СП дасягнула рэкорднай лічбы — блізу паўсотні. Але ўжо ад 1995 году назіраецца зваротная тэндэнцыя: амэрыканцы пачалі пакідаць беларускі рынак. Пра адзін такі прыклад узгадвае Міхаіл Шавельзон.

(Шавельзон: ) “Рыхтаваўся праект рэканструкцыі ў Берасьці заводу хімічных рэагентаў, да якога выявіў цікавасьць адзін амэрыканскі мільянэр. На жаль, прастаяўшы на польска-беларускай мяжы восем гадзінаў, ён прыехаў на сустрэчу з намі са словамі: “Дзякуй, але я не магу кожны раз траціць восем гадзінаў на пераход мяжы”. Больш у Беларусі яго ня бачылі”.

Толькі два праекты з удзелам амэрыканскага капіталу зараз лічацца адносна пасьпяховымі. Найперш, гэта заводы кампаніі “Besser”. Асноўная прадукцыя — плітка для ходнікаў. Але гэты посьпех цалкам зьвязваюць зь вялікай дзяржаўнай замовай, асабліва з боку сталічнага гарвыканкаму. Па-другое — прадпрыемства па вытворчасьці ўпаковачнай поліпрапіленавай стужкі. У гэтым выпадку таксама ёсьць свае нюансы: збыт на 80% ажыцьцяўляецца ў Расею.

Ёсьць і свае антыдасягненьні: найперш, цалкам правалены праект вытворчасьці аўтамабіляў “Форд”. Пасьля таго, як беларускія ўлады скасавалі раней прадугледжаныя льготы, зборачнае прадпрыемства было зачыненае.

У сярэдзіне 1990-х гадоў у Беларусь прыйшоў “Макдональдз”. Але выпрабаваньні пачаліся і ў яго: з прычыны спрэчкі зь Белдзяржунівэрсытэтам, пераможцам у якой выйшаў унівэрсытэт, самая буйная рэстарацыя зачыняецца.
XS
SM
MD
LG