Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЎПРОСТЫЯ ЗАМЕЖНЫЯ ІНВЭСТЫЦЫІ Ў БЕЛАРУСКУЮ ЭКАНОМІКУ СКЛАЛІ 15 ДАЛЯРАЎ НА ЧАЛАВЕКА


Валер Каліноўскі, Менск

Менскі прадстаўнік найбуйнейшай у сьвеце кансалтынгавай кампаніі “Дэлойт і Туш” Юры Сідарэвіч назваў інвэстыцыйны імідж Беларусі “незайздросным”, нягледзячы на тое, што фармальна замежныя інвэстары тут маюць лепшыя ўмовы, чым свае.

А кіраўнік аднаго зь нешматлікіх пасьпяховых замежных прадпрыемстваў у Беларусі — кампаніі “Кока Кола” — Найджэл Дэйвіс гаворыць, што Беларусь ужо прайграе ў спаборніцтве за інвэстыцыі Расеі і Ўкраіне. У прыватнасьці, там ужо адменены ці неўзабаве будзе адменены падатак з абароту, які ў Беларусі вырас да 4,5% і робіць вытворчасьць у краіне меней выгаднай, чым продаж і імпарт.

Кіраўнік дэпартамэнту Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця Аліўе Дэкамп каторы раз нагадаў беларускаму ўраду, што патрэбнае прадказальнае макраэканамічнае асяродзьдзе, адмена адміністратыўнага ціску на прадпрыемствы, абмежаваньняў у ліцэнзаваньні, паскарэньне прыватызацыі.

Гэтыя словы цалкам абвяргаюць заявы прадстаўнікоў ураду пра спрыяльны інвэстыцыйны клімат у Беларусі. Паводле інфармацыі віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, усяго за гады рэфармаваньня Беларусь атрымала 3,8 мільярда даляраў замежных інвэстыцыяў, зь якіх крэдыты склалі 2,3 мільярда. Такім чынам, наўпростыя інвэстыцыі на душу насельніцтва складаюць усяго каля 15 даляраў. Сёлета ўрад плянуе атрымаць 400 мільёнаў даляраў замежных інвэстыцыяў, а на наступны год ужо мільярд.

На міжнародны інвэстыцыйны форум, які быў арганізаваны ўрадам Беларусі, прыбылі каля 500 удзельнікаў. Аднак вядомыя міжнародныя карпарацыі акрамя “Кока Колы”, рэпрэзэнтаваў хіба яшчэ “Эрыксан”. Шмат было прадстаўнікоў расейскага бізнэсу. Але на справе, нягледзячы на інтэграцыйную палітыку ўладаў, у структуры замежных інвэстыцыяў Расея мае толькі 3,8 адсотка — гэта зусім мала ў параўнаньні з доляй ЗША (19%), ці Нямеччыны (17%).

Пра рэальнае стаўленьне да патэнцыйных замежных інвэстараў сьведчыць тое, як сустракаўся сёньня старшыня Магілёўскага аблвыканкаму з дэлегацыяй турэцкіх бізнэсоўцаў. Тыя вымушаныя былі чакаць Барыса Батуру ў фае Палацу рэспублікі больш за паўгадзіны. Пазьней яго ўсё ж паклікалі, і ён прадставіў ім праект будаўніцтва гатэлю ў Магілёве. Пры гэтым высьветлілася, што зь беларускга боку ніякіх інвэстыцыяў у гэты праект няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG