Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАДАЕЦЦА БЕЛАРУСКАЯ ЧАСТКА “СЛАЎНАФТЫ”


Міхал Стэльмак, Менск

Продаж беларускай долі “Слаўнафты” адбываўся на закрытым аўкцыёне Беларускай валютна-фондавай біржы. Паводле даручэньня ўраду, прадаваў яе Фонд дзяржаўнай маёмасьці Міністэрства эканомікі. На аўкцыён быў выстаўлены ўвесь пакет беларускіх акцыяў кампаніі.

Паводле інфармацыі Мінэканомікі, Беларусь абвесьціла першапачатковы кошт пакету 200 мільёнаў даляраў. Такое ўказаньне Мінэканомікі атрымала ад ураду. Таксама Савет Міністраў абавязаў міністэрства ажыцьявіць продаж у найкарацейшы тэрмін. Як патлумачыў сёнья ў Менску прэм’ер Генадзь Навіцкі, гэтую пасьпешлівасьць справакавала Расея. Расейскі ўрад абвесьціў, што ў сьнежні зьбіраецца прадаць сваю долю.

Як вынікае зь сёньняшняга тлумачэньня Навіцкага, “паўстае пагроза”, што пасьля расейскага продажу беларускія акцыі “Слаўнафты” абясцэняцца. І таму ўрад Беларусі вырашыў апярэдзіць расейскі аўкцыён. Аднак зь сёньняшнім беларускім аўкцыёнам адбыўся канфуз.

Паводле інфармаваных крыніцаў, зарэгістраваўся на валютна-фондавай біржы ўсяго адзін удзельнік аўкцыёну — “Слаўнафтабанк”. Ён прадстаўляе інтарэсы расейскай кампаніі “Сыбнафта”. Гэты пакупнік абвесьціў сёньня, што мае намер набыць беларускую долю за 210 мільёнаў даляраў. Многа гэта ці мала? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да вядомага расейскага экспэрта, аналітыка інвэстыцыйнай кампаніі “Тройка-дыялёг” Валерыя Несьцерава:

(Несьцераў: ) “Зараз “Слаўнафта каштуе 2,8 мільярда даляраў. Гэта поўная вартасьць усяе кампаніі. Беларуская доля, якая складае каля 11%, адпавядае амаль 300 мільёнам далярам”.

На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу не вядомыя канчатковыя вынікі аўкцыёну. Аднак большасьць беларускіх экспэртаў ужо зараз лічыць іх “правальнымі”. І найперш з прычыны пасьпешлівасьці і закрытасьці ў пытаньні правядзеньня аўкцыёну. Вось што зазначыў на гэты конт прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі эканаміст Васіль Шлындзікаў:

(Шлындзікаў: ) “Такі характар нашага рэжыму. Усё што ён ні робіць, робіцца так, каб схаваць ад грамадзкасьці. Як апазыцыйны палітык, я лічу продаж беларускай долі “Слаўнафты” заўчасным з прычыны яе ліквіднасьці. Для каго яна многа каштуе, той хай не купляе”.

Яшчэ адзін эканаміст, выканаўца абавязкаў лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі мяркуе, што продаж беларускай долі “Слаўнафты” распачынае трывожны для Беларусі працэс — прыватызацыю беларускай уласнасьці на карысьць Расеі:

(Беленькі: ) “У сувязі зь недахопам фінансавых рэсурсаў рэжым пойдзе на продаж беларускіх прадпрыемстваў. Гэта, вядома, для Беларусі нядобра”.

(Карэспандэнт: ) “Што канкрэтна для Беларусі азначае страта беларускай долі “Слаўнафты”?”

(Беленькі: ) “Гаворка ідзе пра вельмі небясьпечную тэндэнцыю. Калі працэс закрануў галіну, якая ёсьць базыснай у справе бясьпекі краіны, вось што небясьпечна. Продаж прадпрыемстваў, што маюць дачыненьне да нацыянальнай бясьпекі краіны, ёсьць вельмі кепскім знакам”.
XS
SM
MD
LG