Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕСПРАЦОЎНЫЯ ДЗЯГАВІЧЫ — СЕМ МЕСЯЦАЎ ПАСЬЛЯ БАНКРУЦТВА


Марыя Ўсьціновіч, Крычаўскі раён

Прыгожая і вялікая вёска, дзе жыве амаль тысяча чалавек, выглядае сёньня як пасьля варожага нашэсьця. Усе калгасныя пабудовы разбураныя, зь іх нават садралі дахі — мэтал можна выгадна прадаць у Расеі (да мяжы тут усяго некалькі кілямэтраў праз рэчку). Былая кантора калгасу з разьбітымі шыбамі стаіць зачыненая. Ля будынка — спалены пастамэнт нейкага савецкага помніку.

Дзягавіцкія сялянкі прызнаюцца, што для іх цяпер дзіка бачыць звычайны аўтамабіль. Калгасу больш няма, а лёсам тутэйшых, падобна на тое, ніхто не цікавіцца. Людзі сьпяшаюцца да карэспандэнта, каб выказаць набалелае.

(Спадарыня: ) “Пра людзей зараз ніхто не клапоціцца. Зразумейце мяне правільна: каму мы патрэбныя? Ну хоць бы хто спытаўся — як вы тут жывяце? Ніхто намі не цікавіцца!”

Здаровыя мужыкі рознай ступені цьвярозасьці стаялі бяз справы на цэнтральнай плошчы. У вясковую краму заходзяць толькі пэнсіянэры — яны тут самыя заможныя людзі.

У краме холадна, у гэтым сэзоне яшчэ не тапілі. Тут прадаюцца дарагое віно і кансэрваваныя ананасы, але прадавачка ня можа ўспомніць, калі апошнім разам тут набывалі такі тавар.

(Прадавачка: ) “Нічога не набываюць, нават хлеб. Іншым разам бутэлькі просяць прыняць на бохан хлеба. Вось так і бядуюць, так і жывуць”.

Бутэлькі — увогуле народная валюта Дзягавічаў, бо іх зьбіраюць усе, нават дзеці і падлеткі, якім трэба плаціць 200 рублёў за ўваход на дыскатэку ў клюб. Таксама народ актыўна зьбірае і здае макулатуру, рызьзё і жалеза.

Цэнтар цывілізацыі Дзягавічаў — школа. Навучальная ўстанова клапоціцца пра дзяцей і як толькі магчыма лепей харчуе іх. У сталоўцы з гордасьцю дэманструюць суп, бульбу, кавалак каўбасы і чыпсы. Абед дзягавіцкага вучня проста выдатны, — лічаць бацькі, стомленыя барацьбой за выжываньне.

(Спадарыня: ) “Што там на біржы атрымаў — 30 тысяч? Ці то хлеба набыць, ці то цукру і солі ўзяць? Ці то дзіцятку вучыць, у ліцэі вучыцца. Што трэба зрабіць?”

Таму, хто недзе ўладкаваўся на працу ну хоць на некалькі тысяч рублёў, зайздросьцяць, хаця і гэтыя людзі жывуць, як кажуць, з капейкі.

(Спадарыня: ) “Я атрымліваю заробак 56 тысяч рублёў у сталоўцы. Муж нідзе ўладкавацца ня можа. Дзіця ў 4-й клясе. Вы ўяўляеце, як на 56 тысяч утраіх пражыць?”

Хто вінаваты ў бядотах дзягавіцкіх сялянаў? У калідорах улады ёсьць меркаваньне, што вінаватыя самі калгасьнікі, якія дрэнна працавалі. Вяскоўцы лічаць сябе закладнікамі лёсу і кажуць — “Рыба гніе з галавы”. Многія вінавацяць начальнікаў і сьцьвярджаюць, што яны мелі свой інтарэс у банкруцтве гаспадаркі.

(Спадарыня: ) “Дасюль расьцягваюць гэты калгас, а кажуць, што ўсё. Маўляў, калгас — банкрут яшчэ з траўня. І ўсё ніяк ня могуць расьцягнуць! Значыць, гэта залатая жыла. Таму што цягнуць, цягнуць і дасюль не расьцягнулі”.

Працэс продажу маёмасьці калгасу людзі ўзгадваюць цяпер як тэатар абсурду. Напрыклад, даяркі сьцьвярджаюць, што ў тыя часы кароў даілі і вылівалі малако на зямлю, бо прадукцыя не была нікому патрэбная.

(Спадарыня: ) “Цельную жывёлу сталі здаваць на мясакамбінат. Зьнічтажаць. А ты паспрабуй з такога маленькага выгадуй да такой жывёлы. Вы ведаеце, мы плакалі. Стаяць “калхіды” з жывёлай, каровы равуць, і яны іх вязуць рэзаць… Як жа такое можна рабіць?”

Былыя калгасьнікі гавораць, што так і не атрымалі свае долі ад гаспадаркі. Пра будучыню яны разважаць ня любяць.

(Спадар: ) “Ня маю ўяўленьня, што будзе далей. Разруха. Таму што фэрму разрабавалі, паздымалі шыфэр, і ніхто нічога ня ведае. Разгром, карацей. Будзе Хатынь!”

Рэфармаваньне Дзягавічаў спынілася на ліквідацыі калгасу. Пасьля гэтага людзей кінулі на волю лёсу. Пакуль улады шмат месяцаў разважаюць, як даць людзям працу, мясцовы жыхар, школьны настаўнік геаграфіі Яўген Бутрыкаў робіць сваю прапанову: адкрыць у Дзягавічах новую вытворчасьць, пажадана — прыватную.

(Бутрыкаў: ) “Прыватная гаспадарка дысцыплінуе. Па-другое, ёсьць упэўненасьць у заробку. Па-трэцяе, калі чалавек у прыватнай гаспадарцы будзе трымаць руку на пульсе часу, то ён будзе зацікаўлены ў вытворчасьці сельгаспрадукцыі і ў яе рэалізацыі”.

Ёсьць зьвесткі, што суседняя гаспадарка будзе выкарыстоўваць дзягавіцкія землі, каб пасьвіць жывёлу, што, аднак, зноў ня вырашыць праблемы ўладкаваньня былых калгасьнікаў — усіх, хто яшчэ хоча і можа працаваць. Аднак і прыватную ініцыятыву ў Дзягавічах пакуль не праяўляюць. Сяляне чакаюць, пакуль да іх нехта прыедзе, дасьць працу ды грошы, і іх больш ніхто ня будзе называць “банкрутамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG