Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі вырашыў прадаць сваю долю ў беларуска-расейскай кампаніі “Слаўнафта”


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміла нашаму Радыё прэсавая сакратарка Мінэканомікі Натальля Пацэйка, гандаль пачнецца 22 лістапада:

(Пацэйка: ) “Продаж будзе ажыцьцёўлены адзіным пакетам. Зьдзелка адбудзецца на Беларускай валютна-фондавай біржы. Удзельнікі мусяць быць сябрамі сэкцыі фондавага рынку гэтай біржы. Яны павінны да 20 лістапада пералічыць грашовыя сродкі памерам ня менш за 630 мільёнаў расейскіх рублёў на рахунак Фонду дзяржаўнай маёмасьці Міністэрства эканомікі,” –зазначыла спадарыня Пацэйка.

Ніякіх іншых падрабязнасьцяў заплянаванага продажу афіцыйныя структуры не паведамляюць.

“Слаўнафта” – галоўны пастаўшчык сыравіны на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Аднак, як зазначыў нашаму Радыё намесьнік старшыні Незалежнага прафсаюзу прадпрыемства Васіль Альхоўскі, дэталі задуманай урадам зьдзелкі ўтойваюцца і ад мазырцаў:

(Альхоўскі: ) “Дырэктар сказаў нам: нічога канкрэтнага я вам, хлопцы, не скажу. Таму што ніхто нічога ня ведае. Паводле ягонай інфармацыі, ёсьць некалькі кампаніяў, якія хочуць купіць беларускі “пакет”. У прыватнасьці, “Сургутнафтагаз”. Потым – “Лукойл”. Але пэўна мы нічога сказаць ня можам”, – падкрэсьліў Васіль Альхоўскі, адзін з прафсаюзных лідэраў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.

Прадаць беларускую долю “Слаўнафты” плянуецца ў рэкордна кароткі тэрмін. Патэнцыйныя пакупнікі павінны заявіць пра сябе літаральна за два бліжэйшыя дні. Між тым, як паведаміла мне сёньня супрацоўніца прэсавай службы “Лукойла” Вольга Сяргеева, гэтая кампанія наконт удзелу ў зьдзелцы пакуль ня вызначылася.

Беларускія ўлады не тлумачаць, чым выклікана пасьпешлівасьць у гэтым пытаньні. На думку ж экспэртаў, гэта абумоўлена жаданьнем Менску апярэдзіць Расею, якая сваю долю сумеснай кампаніі зьбіраецца прадаць ў сьнежні. Між тым, незалежныя экспэрты лічаць такія дзеяньні беларускага боку памылковымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG