Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ТУРФІРМАЎ ЗАНЕПАКОЕНЫЯ СПРОБАЙ ПРАФСАЮЗАЎ МАНАПАЛІЗАВАЦЬ ТУРЫСТЫЧНЫ РЫНАК


Ігар Карней, Менск

У Міністэрстве спорту і турызму пляны прафсаюзаў успрынятыя без асаблівага энтузіязму. Загадчык агенцтва турызму Чэслаў Шульга кажа, што падобная ініцыятыва — выключны прыярытэт галіновага міністэрства.

(Шульга: ) “Манаполія ніколі да дабра не даводзіла. Таму спробы манапалізаваць рынак прафсаюзамі ці кім заўгодна — гэта дрэнна. Доля прыватнага сэктару ў турыстычным бізнэсе складае болей за 85%. І гэта добра: якасьць паслугаў падвышаецца ў канкурэнтнай барацьбе.

Што тычыцца прафсаюзаў, то яны насамрэч могуць больш актыўна працаваць на разьвіцьцё ўнутранага, сацыяльнага турызму; каб турыстычныя базы ня два месяцы на год працавалі, а круглы год. Але каб усё перадаць прафсаюзам — я, натуральна, супраць. Ня можа сёньня грамадзкая арганізацыя займацца функцыяй рэгуляваньня. Тады і іншыя арганізацыі могуць сказаць: дайце і нам “паруліць”. Калі падобнае рашэньне прымуць, то гэта будзе вялікая памылка”.

Леанід Козік спасылаўся на досьвед Польшчы: маўляў, там 20 турфірмаў працуе, а ў Беларусі 500 — трэба скарачаць. Спадар Шульга падае іншы прыклад: у Нямеччыне 18 тысяч турапэратаў, і “фільтраваць” іх ніхто не зьбіраецца. А вось кіраўнік адной з найбуйнейшых кампаніяў “Сакуб” Сяргей Букас лічыць, што прапанова Козіка ёсьць яшчэ адным сьведчаньнем вяртаньня краіны ў савецкі час.

(Букас: ) “Прафсаюзам зьбіраюцца перадаць турызм, таму яны і выступаюць. А паколькі ў іх ёсьць свае турыстычныя арганізацыі, яны могуць стварыць манаполію — прадаваць празь “Беларусьтурыст”, “Менсктурыст”. Гэта цалкам рэальна, зыходзячы з таго, як паднялі для турфірмаў арэндную плату — прыраўналі нас да гульнявога бізнэсу. Удвая падняць аплату — гэта ўжо сьмерць для многіх фірмаў. Таму ідзе падмінаньне пад сябе рынку”.

Яшчэ адзін момант, які абурае спадара Козіка — гэта даходы ад ценявога бізнэсу, якія ідуць у абыход дзяржаўнай скарбонкі: паводле ягоных зьвестак, гаворка можа весьціся пра 80 мільёнаў даляраў. У адказ на гэта Сяргей Букас абвінавачвае дзяржаўныя структуры, якія сваімі дылетанцкімі захадамі вымушаюць камэрсантаў сыходзіць у падпольле.

(Букас: ) “Яны самі вымушаюць турфірмы працаваць “у ценю”, праз Маскву. А масквічам гэта выгадна; яны бесьперашкодна лезуць на наш рынак, і праз два гады будуць тут паўнапраўнымі гаспадарамі. А ўлады гэтага не разумеюць; ім галоўнае “зачыніць” — і ўсё. А адрэгуляваць, каб фірмы працавалі нармальна і плацілі падаткі — гэтага зрабіць ня хочуць”.

Нэгатыўна ўспрымае спробу прафсаюзаў манапалізаваць рынак і кіраўніца фірмы “Экстра-тур” Раіса Круковіч.

(Круковіч: ) “Калі гэта нейкая новая мадэль, дык няхай яны нам яе пакажуць. А ўвогуле заяўляць можа кожны. Той жа “Алатан” можа сказаць: хачу ўзяць пад кантроль усе фірмы. Але ці мае ён права? Ці замацавана гэта ў законах, Канстытуцыі? Я, прыкладам, таксама магу спытаць: чаму прафсаюзы могуць карыстацца бясплатна санаторыямі, маёмасьцю, якая перайшла ад савецкага часу? Усё павінна быць разьмеркавана паміж фірмамі, якія займаюцца гэтым бізнэсам. Чаму яны могуць сабе гэта дазволіць, а мы не?”
XS
SM
MD
LG