Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АЗОТ”, “ЛАЎСАН”, МАЗ, ТРАКТАРНЫ, ПАДШЫПНІКАВЫ Й ШКЛОЗАВОДЫ НАЙБОЛЬШ ПАЦЕРПЯЦЬ АД СКАРАЧЭНЬНЯ ПАСТАВАК РАСЕЙСКАГА ГАЗУ


Ганна Соўсь, Менск

“Усё кіраўніцтва накіравалася на перамовы ў Маскву”, — гэткім чынам адказваюць цяпер сакаратаркі ў Міністэрстве энэргетыкі й “Белтрансгазе”. Робяцца спробы нейкім чынам вырашыць газавы канфлікт, які Міністэрства замежных справаў Беларусі ўжо назвала “наўмыснай акцыяй дзеля аказаньня эканамічнага ціску на Беларусь”.

Адметна, што на мінулым тыдні, калі “Газпром” заявіў пра сваё рашэньне скараціць на 50% пастаўкі газу ў Беларусь, той жа міністар энэргетыкі Ўладзімер Сямашка ды іншыя адказныя чыноўнікі ў Кувэйце абмяркоўвалі варыянты ўдзелу кувэйцкіх інвэстараў у прыватызацыі беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў і мадэрнізацыі энэргасыстэмаў — прыкладам Менскай ТЭЦ.

Экс-прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір лічыць рашэньне “Газпрому” хутчэй эканамічным, чым палітычным.

(Чыгір: ) “Калі няма паразуменьня на палітычным узроўні, то эканоміка становіцца асноўнай і прэвалюе над палітыкай. Тое, што тычыцца электрастанцыяў, то ёсьць магчымасьць пастаўляць замест газу мазут. Але гэта значна даражэй за газ. Другі варыянт, калі гэта не дапамагае, спыняюцца тыя прадпрыемствы, якія спажываюць вельмі шмат газу. У першую чаргу гэта тычыцца гарадзенскага “Азоту”. У любым выпадку, гэта страты для эканомікі краіны. Ані газ, ані нафта пастаўляцца ў нашую краіну апроч Расеі ніадкуль ня могуць. Лепей атрымаць з Расеі й разьлічыцца”.

Калі цяпер беларускі бок ня здолее дамовіцца з “Газпромам”, то наступствы ад скарачэньня паставак газу беларусы могуць адчуць вельмі хутка. І нават ва ўласных кватэрах. Гаворыць доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

(Жаліба: ) “Неаднойчы ішлі перамовы пра тое, каб Беларусь большую частку аплаты за той жа прыродны газ рабіла ў грашовай форме, а ня бартэрам. Расея цярпела з палітычных прычынаў. Але ж цярпеньне Расеі скончылася. Справа ідзе аб доўгатэрміновым скарачэньні. Тады з надыходам зімы могуць спыніцца некаторыя нашыя прадпрыемствы, і істотна зьнізіцца тэмпэратура паветра ў нашых кватэрах. Мы можам апынуцца ў стане нашых суседзяў літоўцаў, якія неаднойчы цярпелі такі дыскамфорт, але ж яны былі аб’яднаныя нацыянальнай ідэяй незалежнасьці ад Расеі. А ў нас якая ідэя?”

Тым ня менш, у канцэрне “Белэнэрга” Радыё Свабода сёньня запэўнілі, што незалежна ад выніку перамоваў з “Газпромам”, у гэты ацяпляльны пэрыяд беларусам нічога не пагражае. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт “Белэнэрга” Аляксандар Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) “Ацяпляльны пэрыяд — гэта звычайная сытуацыя, і мы заўсёды рыхтуемся да ўсялякіх нечаканасьцяў, і сыстэма надзейна і ўстойліва працуе ў любых варыянтах — нармальныя ці абмежаваныя пастаўкі газу, ёсьць аварыя на лініі электраперадачаў ці не. У любым выпадку спажыўцы Беларусі гэтага не адчуюць ні па тэмпэратуры батарэяў, ні па накалу электрычнай лямпачкі”.

Ягоны аптымізм не падзяляе прэзыдэнт Асацыяцыі садзеяньня эканамічнаму разьвіцьцю, былы дырэктар “Амкадору” Васіль Шлындзікаў, які лічыць рэальнай пагрозу жыльлёва-камунальнай гаспадарцы краіны. Што да канкрэтных прадпрыемстваў, якім найперш пагражае спыненьне, то Васіль Шлындзікаў называе падшыпнікавы і трактарны заводы, МАЗ, усе шклозаводы, “Лаўсан” і ўсе прадпрыемствы хімічнай галіны.
XS
SM
MD
LG