Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАРУШЭНЬНЕ ДАМОВАЎ ПРЫВЯЛО ДА СТРАТЫ ПАЗЫЦЫЯЎ БЕЛАРУСКАГА ЭКСПАРТУ НА ЛІТОЎСКІМ РЫНКУ


Тацяна Поклад, Літва

Дагэтуль беларускі экспарт портлэндцэмэнту карыстаўся асаблівымі мытнымі палёгкамі на літоўскім рынку. Для абароны ўласных вытворцаў у Літве ад мінулага году ўжываюцца антыдэмпінгавыя працэдуры на экспарт цэмэнту з Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Гэта азначае, што экспарцёры павіны плаціць адмысловы падатак. Такім чынам, кошты на іх прадукцыю павышаюцца, і прывабліваць пакупнікаў даводзіцца якасьцю, – вядома, калі яна ёсьць, – і не спадзявацца, што іх прадукцыю будуць набываць проста дзеля ніжэйшых коштаў.

Аднак Літва не ўжывала антыдэмпінгавыя працэдуры для трох беларускіх вытворцаў – для прадпрыемстваў “Беларускі цэмэнтны завод”, ”Крычаўцэмэнтнашыфер” і ”Краснасельскбудматэрыялы”. Гэта дазваляла ім прадаваць сваю прадукцыю таньней і без абмежаваньняў, але ўсё ж не таньней за пэўныя мінімальныя кошты, пра якія было дамоўлена.

Беларускі цэмэнт карыстаецца вялікім попытам у Літве менавіта дзеля таннасьці. Цэмэнт мясцовай вытворчасьці каштуе даражэй за беларускі. Служба канкурэнцыі –такая існуе пры міністэрстве гаспадаркі Літвы –забавязала беларускіх экспарцёраў штомесяц падаваць на кожную партыю портлэндцэмэнту дакумэнты, якія б пацьвярджалі, што пагадненьне не парушаецца – копіі дэклярацыі Беларускай мытні і гандлёвых рахункаў.

Літоўскае міністэрства не дачакалася, аднак, гэтых дакумэнтаў, і пакуль вялася перапіска пра дакумэнтацыю, выявіліся факты парушэньня дамовы з беларускага боку. На беларускія цэмэнтныя прадпрыемствы ішлі запыты зь Літвы, справай зацікавілася Літоўская служба кантролю выкананьня Закону аб антыдэмпінгу.

Калі частка дакумэнтацыі нарэшце была адасланая, у Літве ўжо былі зафіксаваныя выпадкі продажу беларускага цэмэнту па ніжэйшых, чым было дамоўлена, коштах. Парушэньні зь беларускага боку дазволілі Літве ўжыць антыдэмпінгавыя санкцыі да беларускіх экспарцёраў портлэндцэмэнту.

Праект адпаведнага рашэньня падрыхтываны ва ўрадзе Літвы. Памер прынятага антыдэмпінгавага мытнага падатку – 15 даляраў за кожную тону цэмэнта. Паводле законадаўства, антыдэмпінгавы падатак будзе дзейсным праз 30 дзён пасьля прыняцьця Ўрадам адпаведнага рашэньня.

Гэтае абмежаваньне павысіць кошты на беларускі цэмэнт і непазьбежна зьменшыць рынак яго збыту. Тое што ня будзе таннага беларускага цэмэнту, ужо зараз засмучае літоўскіх спажыўцоў ды цешыць мясцовых канкурэнтаў. Але найбольш пацерпяць беларускія прадпрыемствы па вытворчасьці портлэндцэмэнту – ім давядзецца альбо шукаць новыя рынкі, альбо скарачаць вытворчасьць.
XS
SM
MD
LG