Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАЗЬЛІКАХ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ “ГАЗПРОМ” ПРЭТЭНДУЕ НА “ЖЫВЫЯ” ГРОШЫ


Уладзімер Глод, Менск

Паколькі Беларусь ня мае дастаткова грошай, каб разьлічвацца за газ, Расея дазволіла ёй на міждзяржаўным узроўні “гасіць” пазыку бартэрам. Такая схема існуе не адзін год і часам бартэр дасягаў 400 мільёнаў даляраў за год. Такім чынам, Беларусь мела немалыя выгады: яна, па-першае, не плаціла канцэрну жывымі грашыма, а, па-другое, мела выгадны рынак збыту сваіх тавараў. У разьліковы ланцужок уваходзіла шмат фірмаў і банкаў, паміж якімі вялася жорсткая канкурэнцыя за права ўдзельнічаць у справе, што давала добрыя прыбыткі.

Аднак сёлета сытуацыя кардынальна зьмянілася. Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (“Народная грамада”) Уладзімер Нісьцюк, які адмыслова займаўся вывучэньнем гэтай праблемы, падкрэсьлівае:

(Нісьцюк: ) “У гэтым годзе так званы газавы ўзаемаразьлік маштабна для Беларусі выдзелены ня быў. І толькі ў сярэдзіне верасьня гэтае пытаньне пачало вырашацца. Раней не вырашалася толькі таму, і адпаведныя размовы вяліся ў “Газпраме” і іншых структурах, што ёсьць такая думка — павялічыць пазыку Беларусі за газ і такім чынам потым запатрабаваць разьлікі за гэтыя даўгі акцыямі нафтагазавых прадпрыемстваў. І асабліва цікавіць расейскую эканамічную эліту “Белтрансгаз”. Таму зразумела, чаму пад самы канец году, калі беларускія прадпрыемствы ня ў стане разьлічыцца, калі няма той ліквіднай прадукцыі, нам даюць гэты ўзаемазалік, прычым, у аб’ёмах у два, а то і больш разы, чым гэта было заўсёды”.

У “Газпроме” пагаджаюцца, што сёлета ў стасунках зь Беларусью ёсьць новыя тэндэнцыі. Гаворыць супрацоўнік канцэрну Ігар Плотнікаў:

(Плотнікаў: ) “Па-першае, гэта рэзкае зьніжэньне кошту газу для Беларусі зь лета ў адпаведнасьці зь міжурадавымі пагадненьнямі. Другое, гэта тое, што ідзе рост запазычанасьці з боку Беларусі, нягледзячы на зьніжэньне цаны. Ёсьць і аб’ём старых запазычанасьцяў, які, на жаль, не скарачаецца, а павялічваецца. І трэцяе, невыкананьне беларускім бокам абавязкаў у справе стварэньня сумеснага прадпрыемства, якое магло б разьвіваць беларускія газатранспартныя шляхі”.

Пасьля таго, як газ для Беларусі стаў каштаваць столькі ж, колькі для Смаленскай вобласьці, сытуацыя на рынку значна зьмянілася. З гэтага часу за тыя ж самыя беларускія тавары “Газпром” мусіць даваць дадатковы газ. Гаворыць спадар Плотнікаў:

(Плотнікаў: ) “У выніку атрымліваецца, што мы маем: а) галаўны боль, б) страты ад рэалізацыі бартэрных схемаў. Мабыць, у сувязі з гэтым і ўзьнікла новая праблема. Яна накіраваная зусім не на тое, каб захапіць “Белтрансгаз”.

Такім чынам, у беларуска-расейскіх газавых адносінах зноў узьнікла старая праблема — атрыманьне ад Менску “жывых” грошай. Перад надыходзячай зімой актуальнасьць яе значна ўзрастае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG