Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ТУРФІРМЫ ЗМАГАЮЦЦА З РАСЕЙСКАЙ ЭКСПАНСІЯЙ НА РЫНКУ ТУРЫСТЫЧНЫХ ПАСЛУГАЎ


Ігар Карней, Менск

Бальшыня беларускіх турыстаў, якія гэтым летам адпачывалі за мяжой, выбіралі ў якасьці партнэраў расейскія, а не беларускія турыстычныя фірмы. Нават з улікам кошту квіткоў да Масквы адпачынак атрымліваўся больш танны, чым калі выпраўляцца ў падарожжа зь Менску. Чаму адбываецца такі парадокс, тлумачыць эканаміст-мэнэджэр у справе турызму Іван Кобзік.

(Кобзік: ) “У расейцаў больш танныя авіяпералёты. Гэта тлумачыцца манапольным становішчам кампаніі “Белавія” на беларускім рынку авіяперавозак і тым, што расейскія авіяперавозчыкі маюць больш зьмяшчальныя і, адпаведна, танныя самалёты (перавозка аднаго чалавека ў Іл-86 абыходзіцца значна таньней, чым у Ту-154).

Другі момант: накіроўваючы на замежныя курорты вялікія плыні турыстаў, расейцы атрымліваюць значныя зьніжкі. Але, прыкладам, па Гішпаніі кошты расейскіх турапэратараў у гэтым сэзоне не былі эканамічна абгрунтаваныя. Гэта звычайны дэмпінг, і за пуцёўкі беларусам расейцы папросту даплачвалі — выключна дзеля таго, каб гэтых турыстаў да сябе прывабіць”.

Менавіта з мэтай супрацьстаяць экспансіі расейскіх турапэратараў і быў створаны Беларускі Саюз турыстычных арганізацыяў. Пакуль у ягоны склад увайшлі пяць найбольш пасьпяховых турыстычных кампаніяў: “АлатанТур”, “Сакуб”, “Sunny Travel”, “Смок” і “Внешинтурист”.

Паводле аднаго з кіраўнікоў Саюзу, прэзыдэнта фірмы “Sunny Travel” Аляксандра Ванюкова, калі да пачатку наступнага сэзону ня будуць прынятыя адпаведныя захады на дзяржаўным узроўні, то беларускія турфірмы працягнуць нядоўга: запас фінансавай трываласьці ў беларускіх турапэратараў надзвычай малы, асабліва ва ўмовах нядобрасумленнай канкурэнцыі.

(Ванюкоў: ) “Гэта актуальная задача паўсюдна ў Беларусі: стварыць канкурэнтаздольны прадукт, інакш мы папросту спынім існаваньне. Супрацьстаяць буйным фірмам магчыма толькі разам. Гаворка тычыцца выключна Расеі, бо іншыя да нас ня лезуць. З нашага боку мы здольныя зрабіць кошты, адпаведныя расейскім. Але цэнавая палітыка складаецца з пражываньня і перавозак. А там кошты на самалёт мінімум на сто даляраў меншыя, чым у нас. А зараз памножце на сям’ю…

У нас у гэтай сфэры манаполія, дый тое — задавальняюць Эўропу паводле шумавых патрабаваньняў толькі 3–4 самалёты. Таму мы можам аб’яднацца і зьнізіць кошт прадукту. Аднак, паўтараю, усё залежыць ня толькі ад пражываньня, трансфэраў, экскурсіяў, але і ад транспарту. Як гэта зьнізіць — пытаньне складанае”.

Са сваімі прапановамі ў частцы абароны ўнутранага рынку прадстаўнікі Саюзу зьбіраюцца зьвярнуцца ў палату прадстаўнікоў. Яны захоўваюць пэўны аптымізм, спадзеючыся на станоўчы вынік, бо адзін з дэпутатаў, Аляксей Ваганаў, хутчэй за ўсё будзе абраны прэзыдэнтам Саюзу, а значыцца, зможа пэўным чынам лябіраваць інтарэсы турыстычнага бізнэсу ў дзяржаўных органах.

Але пакуль што захады дзяржавы цалкам адваротныя пажаданьням турапэратараў. Паводле нядаўняга ўказу Лукашэнкі аб новым парадку аплаты арэнды ў будынках дзржаўнай уласнасьці, турызм прызнаны высокарэнтабэльнай сфэрай разам з гульнявым і рыэлтарскім бізнэсам, і праходзіць паводле падвышанага каэфіцыенту арэнднай платы: такім чынам, ужо неўзабаве турфірмы будуць плаціць за арэнду памяшканьняў удвая больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG