Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЎЗМАЦНЯЮЦЬ ЦІСК НА ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Менску на шэрагу рынкаў адбыліся несанкцыяваныя сходы прадпрымальнікаў з удзелам лідэраў Беларускага страйкавага камітэту. У прыватнасьці, на рынку "Дынама" старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі абвясьціў бізнэсоўцам, што 1 кастрычніка распачынаецца агульнанацыянальны страйк з палітычнымі патрабаваньнямі. Страйкам, паводле ягоных словаў, настойвае, каб Аляксандар Лукашэнка пайшоў у адстаўку:

(Леванеўскі: ) "Я, Леванеўскі Валеры Станіслававіч, страйкам, група палітычна адукаваных прадпрымальнікаў прад'яўляе палітычныя патрабаваньні. Я лічу, што нашыя праблемы можна вырашыць толькі палітычным шляхам. Таму што ўсе гэтыя праблемы зыходзяць ад аднаго палітыка. Лукашэнка загадаў свайму атачэньню, каб шукалі грошы. І кожнае міністэрства пачало шукаць гэтыя грошы ў прадпрымальнікаў.

Калі прэзыдэнт ня хоча слухаць нас, 600 тысяч прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў, нашыя сем'і – адзін мільён васемсот тысяч чалавек, то навошта нам яго падтрымліваць. Мы можам запатрабаваць яго адстаўкі? Можам".

Сёньня ж у Менску пацьвердзіла свой намер распачаць бестэрміновы страйк з 1 кастрычніка і Аб'яднаная рада прадпрымальнікаў, якая абмяжоўваецца эканамічнымі патрабаваньнямі. Вось што паведаміў адзін зь лідэраў Аб'яднанай рады Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) "У цэлым па рэспубліцы ўсё адбываецца апэратыўна. Распаўсюджваюцца зьвесткі пра акцыю пратэсту, людзі праводзяць сходы. Зьвяртаюцца з многіх гарадоў, хочуць далучыцца. 1 кастрычніка ў Менску адбудзецца мітынг, на які павінны прыйсьці ўсе прадпрымальнікі".

Сёньня ж на паседжаньні Аб'яднанай рады было абвешчана, што ў многіх рэгіёнах з боку ўладаў распачаўся ціск на прадпрымальнікаў. Асабліва жорсткі ціск у Магілёве. Лідэр Свабоднага прафсаюзу магілёўскіх прадпрымальнікаў Сяргей Фамін зьвязвае гэта з актыўнасьцю дробных бізнэсоўцаў у папярэдніх акцыях пратэсту:

(Фамін: ) "Калі ўлады ўбачылі дружную і магутную сілу, пачаўся вялікі ціск. Вельмі жорсткі. У нас пазбавілі ліцэнзіяў таксістаў ў Крычаве, пазбавілі гандлёвых месцаў лідэраў за гэты страйк. Пачаліся праверкі, на лідэраў складаюць акты. Яны пазбаўленыя працы за тое, што не знаходзіліся на працоўным месцы".

Лідэрка слуцкіх прадпрымальнікаў Соф'я Міцяшова паведаміла на паседжаньні Аб'яднанай рады, што мясцовыя ўлады за грамадзкую актыўнасьць аштрафавалі яе на 200 тысяч рублёў.

Жорсткі ціск на прадпрымальнікаў мае таксама месца ў Барысаве і Рагачове. Аднак, паводле словаў лідэраў мясцовых прадпрымальнікаў, у гэтых гарадох кастрычніцкі страйк адбудзецца.
XS
SM
MD
LG