Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМІЖ БЕЛАРУСЬСЮ І РАСЕЯЙ РАЗГАРАЕЦЦА ПІЎНЫ СКАНДАЛ


Міхал Стэльмак, Менск

Ліст пратэсту накіравала Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі. З такой ініцыятывай да яго зьвярнуўся Саюз расейскіх півавараў. Вось што паведаміў пра гэта нашаму радыё кіраўнік выканаўчага сакратарыяту гэтага саюзу Вячаслаў Мамантаў:

(Мамантаў: ) “Накіраваная нота за подпісам намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця Сухапарава на адрас МЗС Беларусі. Бо ляпіць акцызныя маркі на піва — няма такой практыкі. Гэта фіскальная мера. У нас ёсьць зь Беларусьсю пагадненьне пра мытны саюз ад 1995 году і дамоўленасьці пра адзіную эканамічную прастору. Захады, што Беларусь хоча ўвесьці, парушаюць прынцыпы гэтых пагадненьняў”.

Паводле спадара Мамантава, піўны скандал справакавала жнівеньская пастанова беларускага ўраду. Дакумэнт вызначыў новыя для Беларусі правілы імпарту замежнага піва. Паводле расейскіх півавараў, гэтыя правілы ня толькі ігнаруюць двухбаковыя дамоўленасьці Масквы і Менску, але й супярэчаць прынцыпам рынкавага гандлю.

Цяпер, каб атрымаць ліцэнзію на ўвоз расейскага піва, напрыклад, “Балтыкі”, “Ачакава” альбо “Трох мядзьведзяў”, імпартэрам трэба ўнесьці ў беларускі бюджэт каля сямі з паловай тысяч даляраў. Як зазначыў Вячаслаў Мамантаў, у выніку такога рашэньня расейскае піва на беларускім рынку падаражэе на 30%. Але што найбольш абурыла расейцаў, дык гэта намер Беларусі ўвесьці акцызныя маркі на імпартнае піва. Усё гэта, паводле расейскага боку, нясе эканамічныя страты Расеі з боку партнэра па саюзе.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка пацьвердзіў сёньня, што МЗС насамрэч атрымала ліст пратэсту расейскага Міністэрства эканамічнага разьвіцьця. Аднак, як вынікае з тлумачэньня спадара Латушкі, беларускі бок лічыць свае дзеяньні абгрунтаванымі:

(Латушка: ) “Гэтая мера скіраваная не на стрымліваньне імпарту піва ў нашую краіну. Яна накіраваная на тое, каб скасаваць нелегальны ўвоз піва ў Рэспубліку Беларусь. Трэба адзначыць, што гэтая мера прынятая ў дачыненьні ўсіх вытворцаў піва, у тым ліку і з Расейскай Фэдэрацыі”.

Дарэчы, пратэст расейцаў адтэрмінаваў прыняцьце Беларусьсю канчатковага рашэньня ў пытаньні акцызных марак на імпартнае піва. Як паведаміў сёньня нашаму радыё начальнік галоўнага ўпраўленьня канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктар Іваненка, гэтае пытаньне выклікала спрэчкі ва ўрадзе. Частку беларускіх чыноўнікаў палохае абвастрэньне піўнога канфлікту з Расеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG