Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКІЯ ПЕРАМОВЫ Ў СПРАВЕ ТРАНЗЫТНЫХ ПЕРАВОЗАК ЗАЙШЛІ Ў ТУПІК


Тацяна Поклад, Літва

Галоўнай праблемай на апошніх беларуска-літоўскіх перамовах сталася патрабаваньне з боку Беларусі прымусовага канвою да транзытных грузаперавозчыкаў зь Літвы. Перамовы вяліся на ўзроўні міністэрскіх структураў, адказных за мытныя пытаньні.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках апошніх перамоваў старшыня літоўскай дэлегацыі, віцэ-міністар ўнутраных справаў Літвы Валерыюс Панамаровас заявіў, што перамовы скончыліся бязвынікова дзеля таго, што Беларускі мытны камітэт ня згаджаецца мяняць свае пазыцыі. Літоўская дэлегацыя будзе зьвяртацца да ўраду Літвы, каб праблема вырашалася далей на ўрадавым ўзроўні.

Прымусовы канвой для літоўскіх грузаў Беларусь ўвяла сёлета ў красавіку і згаджаецца адмяніць толькі пасьля выплаты Літвой грашовай кампэнсацыі.

Беларускі мытны камітэт ацаніў шкоду, якую пацярпела Беларусь ад літоўскіх транзытнікаў ў 10 млн. даляраў і пагаджаецца адмяніць канвой, калі Літва выплаціць Беларусі 2 млн. даляраў. Літва прапанавала разглядаць пытаньні канвою і пытаньні кампэнсацыі паасобку, паколькі ў разьліках не былі задзейнічаныя міжнародныя экспэрты.

Цяпер яшчэ Літва прапускае беларускія грузы праз сваю тэрыторыю без канвою. Няма патрабаваньняў прымусовага канвою і ў транзытных дачыненьнях між Расеяй і Літвой. Беларускія прадстаўнікі заявілі, што калі Літва не заплаціць запатрабаванае сумы, яны будуць прасіць Расею аднавіць прымусовы канвой для літоўскіх грузаў.

Некаторыя беларускія ўрадавыя інстытуцыі, сярод іх і міністэрства транспарту Беларусі, а таксама Беларуская асацыяцыя перавозчыкаў, лічаць, што санкцыі да літоўскіх грузаў не абгрунтаваныя. Хаця на першы погляд здаецца, што Беларусь нешта зарабляе на карных санкцыях, насамрэч Беларусь штомесяц губляе 1,5 млн. даляраў праз гэты прымусовы канвой да літоўскіх грузаў.

Літоўскія перавозчыкі робяць да 65 тыс. перавозак ў год праз тэрыторыю Беларусі. Прэзыдэнт літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў "Лінава" Альгімантас Кандрусявічус кажа, што, пакуль перамовы стаяць на месцы, Літва губляе свае пазыцыі на рынку, і таму будзе шукаць іншыя шляхі. Беларускія перавозчыкі, якія выкарыстоўваць літоўскі транзыт, непакояцца адносна дзеяньняў Літвы ў адказ. Літва ўжо папярэдзіла, што, магчыма, будуць уведзеныя такія ж патрабаваньні прымусовага канвою беларускіх грузаў, больш жорсткія мытныя працэдуры і экалягічныя патрабаваньні ды падаткі.
XS
SM
MD
LG