Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АМЭРЫКАНСКАЯ КАМПАНІЯ “DETROIT BREWING” СТВАРЫЛА СУМЕСНАЕ ПРАДПРЫЕМСТВА З БАБРУЙСКІМ БРОВАРАМ “ДЗЕДНАВА”


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск

Новае закрытае акцыянэрнае таварыства называецца “Беларуская броварная кампанія”. Амэрыканцам будзе належаць 76% акцыяў, астатнія — “Бровару “Дзеднава”, уласьнікам якога зьяўляецца беларуская дзяржава.

“Detroit Brewing” плянуе інвэставаць у праект 12 мільёнаў даляраў. Будзе рабіцца поўная рэканструкцыя і мадэрнізацыя заводу, каб вырабляць новыя гатункі піва і мінэральнай вады.

Бабруйскі бровар нічым не вылучаецца з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці. Ён быў пабудаваны чвэрць стагодзьдзя таму, і амартызацыя абсталяваньня склала 80%.

Сёлета завод стаў адкрытым акцыянэрным таварыствам “Бровар Дзеднава”, па назьве вёскі, якая была на месцы прадпрыемства. Рэклямная кампанія піва “для багатага і для беднага” атрымала вядомасьць, што дазволіла на 40% павялічыць рэалізацыю прадукцыі.

Разам з тым, на заводзе выкарыстоўваецца толькі пятая частка магутнасьцяў, ён мае значныя запазычанасьці — 3,5 мільярда рублёў. Завод “Дзеднава” апынуўся на мяжы банкруцтва.

Амэрыканская кампанія бярэ абавязацельствы аддаць грошы банкам і бюджэту. Акрамя гэтага, “Detroit Brewing” плянуе павялічыць больш чым у два разы колькасьць працоўных месцаў і штомесяц плаціць акцызаў каля 3-х мільёнаў даляраў.

Паводле словаў кіраўніка Магілёўскага абласнога камітэту кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыяй Мікалая Кароціна, у іх было шмат прапановаў што да ўдзелу ў прыватызацыі “Дзеднава”, у тым ліку і ад расейскіх броварных кампаніяў. Але ўсе яны рабілі спасылкі на фінансавы крызыс заводу і патрабавалі значных падатковых льготаў.

Амэрыканцы згадзіліся на усе ўмовы беларускага боку. Кампанія хоча апярэдзіць “Балтыку”, а таму імкнулася як мага хутчэй, пакуль расейцы вядуць перамовы, пачаць працу і ў пэрспэктыве кантраляваць значную частку беларускага рынку.

Магілёўскія ўлады не палохае той факт, што амэрыканцы будуць валодаць кантрольным пакетам акцыяў. Гаворыць Мікалай Кароцін:

(Кароцін: ) “Мы пайшлі па іншым шляху і ўплыў свой пакінулі. Мы запісалі ў асноўны дакумэнт свае пэўныя патрабаваньні, якія датычаць рэарганізацыі, ліквідацыі і зьмяненьняў у статуце, і гэта нас яшчэ больш задавальняе, чым кантрольны пакет акцыяў”.

Акрамя гэтага, гавораць спэцыялісты у галіне прыватызацыі ў Магілёўскай вобласьці, амаль усе расейскія бровары, якія імкнуцца на беларускі рынак, самі не валодаюць неабходным капіталам. Грошы знаходзяцца ў руках замежных кампаніяў, якія кантралююць вытворчасьць піва. Так, амэрыканская кампанія “Detroit Brewing” — заснавальнік “Бровара ПІТ” і пасьпяхова мадэрнізавала і пашырыла працу пяці расейскіх заводаў, падобных да бабруйскага “Дзеднава”.
XS
SM
MD
LG