Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРАМ” ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО, ПАСТАЎЛЯЮЧЫ ГАЗ У БЕЛАРУСЬ, ЗАЙМАЕЦЦА ДАБРАЧЫННАСЬЦЮ


Ігар Карней, Менск

Кіраўніцтва “Газпраму” ўпэўненае, што, пастаўляючы газ у Беларусь, і так займаецца дабрачыннасьцю.

У чацьвер у апошнім вечаровым выпуску праграмы “Сегодня” на канале НТВ намесьнік прэзыдэнта кампаніі “Газпрам” Віталь Савельеў у адказ на прэтэнзіі Аляксандра Лукашэнкі падкрэсьліў, што “Газпрам” і так працуе зь Беларусьсю на дабрачыннай аснове. Тарыфы, паводле якіх газ пастаўляецца ў Беларусь, нічым не адрозьніваюцца ад тых коштаў, якія прапанаваныя для суседняга Смаленску. Але, адрозна ад расейскіх рэгіёнаў, якія плацяць за сыравіну спраўна, беларускія запазычанасьці за выкарыстаны газ складаюць 300 мільёнаў даляраў.

Ад 1994 году, ад пачатку кіраваньня Лукашэнкі, газ прадаецца Беларусі ў межах 22–27 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Але на ўнутраным рынку ад гэтага кошту нічога не застаецца, бо сваім жа карыстальнікам прадпрыемства “Белтрансгаз” зь ведама ўраду фактычна перапрадае газ удвая даражэй — амаль за 50 даляраў за тысячу кубамэтраў. Менавіта гэтая розьніца ўрэшце і складае аснову так званых ценевых пазабюджэтных фондаў, зь якіх Лукашэнка і ягонае атачэньне бяруць сродкі на маштабныя праекты, — заявіў намесьнік прэзыдэнта “Газпраму” Віталь Савельеў.

Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў, а зараз прэзыдэнт Асацыяцыі садзеяньня эканамічнаму разьвіцьцю Міхаіл Марыніч так камэнтуе гэтую сытуацыю:

(Марыніч: ) “Незалежна ад таго, што кошты Расея ўвяла для Беларусі ўнутрырасейскія (па Смаленскай зоне), нашыя прадпрыемствы гэтага зусім не адчуваюць: для іх кошт захоўваецца па 49–50 даляраў. Доўг пры гэтым не памяншаецца, што ўчора пацьвердзіў і “Газпрам”: ён складае блізу 300 мільёнаў даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “Прагучала такая вэрсія, што менавіта гэтая розьніца сталася базай для існаваньня розных пазабюджэтных фондаў...”

(Марыніч: ) “Цяжка сказаць, куды грошы ідуць насамрэч, але тое, што яны не ідуць у эканоміку — дык гэта факт, на гэта сьведчыць і сам кошт, па якім купляюць беларускія прадпрыемствы газ. Мы ведаем, што атрымліваюць газ на мяжы па 24 даляры, а той жа МТЗ у ліпені атрымаў яго ўжо па 48,56 умоўных адзінак, “Інтэграл” — па 42,68.

Замест таго, каб аказваць рэальную дапамогу, калі бракуе абаротных сродкаў, адбываецца вось такі рэкет. Ёсьць сур’ёзны падарунак ад расейскага ўраду, а прадпрыемствы наадварот ня маюць ніякай падтрымкі, знаходзяцца ў крызысным стане. А патрэбна, каб доўг перад “Газпрамам” зьмяншаўся, і была рэальная эканоміка”.

Фінансавыя падлікі газавых паставак зь беларускага боку цалкам супярэчаць расейскім. Лукашэнка ўсё часьцей гаворыць пра гіпатэтычны мільярд даляраў, які павінна Беларусі Расея: маўляў, адных толькі падатковых ільготаў у часе будаўніцтва першай ніткі газаправоду “Ямал–Заходняя Эўропа” “Газпрам” атрымаў на 200 мільёнаў даляраў.

Калі б Беларусь цалкам перайшла на рынкавыя дачыненьні з Расеяй і ўвяла бы плату за транзыт, кошт за перагон газу па беларускай тэрыторыі якраз і склаў бы той самы мільярд даляраў. Такім чынам, у сытуацыі з пастаўкамі газу кожны з бакоў лічыць сябе пацярпелым.
XS
SM
MD
LG