Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 ВЕРАСНЯ ПРЫВАТНЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ БЕЛАРУСІ РАСПАЧНУЦЬ СТРАЙК


Міхал Стэльмак, Менск

Страйк 1 верасня ініцыявала Аб'яднаная рада прадпрымальнікаў Беларусі. На думку прадстаўніка рады Анатоля Шумчанкі, прадпрымальніцкая акцыя павінна быць масавай:

(Шумчанка: ) "Страйк будуць падтрымліваць Баранавічы, Івацэвічы, Дзяржынск, Гомель, Магілёў, Рагачоў, Мар'іна Горка, Асіповічы, Жыткавічы, Орша, Полацак, Наваполацак, Лепель. Гэтымі днямі мне тэлефануюць прадпрымальнікі шмат якіх рэгіёнаў і паведамляюць пра сваё далучэньне да акцыі пратэсту. Нашыя патрабаваньні – эканамічныя, а ня палітычныя".

Паводле Анатоля Шумчанкі, 30 жніўня рада прыняла адмысловую заяву, у якой запатрабавала ад уладаў правядзеньня сумеснага "круглага стала" з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Прадпрымальнікі настойваюць, каб гэта адбылося не пазней за 3 верасьня. Як лічыць рада, зараз у прадпрымальніцкай дзейнасьці склалася крытычная сытуацыя, справакаваная дзяржаўнымі органамі. У дакумэнце, накіраваным уладам, паведамляецца пра пачатак з 1 верасня масавага прадпрымальніцкага страйку.

Што тычыцца Менску, то ўдзел у заплянаванай на гэты дзень акцыі пратэсту зьбіраюцца браць далёка ня ўсе прадпрымальнікі. Пра намер страйкаваць найбольш рашуча заявілі дробныя бізнэсоўцы, якіх востра закранула праблема касавых апаратаў. Вось што паведаміла на гэты конт яшчэ адна лідэрка Аб'яднанай рады прадпрымальнікаў Кацярына Чыжык:

(Чыжык: ) "З 1 верасня ў Менску ня будуць працаваць усе выставы-кірмашы. Яны будуць страйкаваць. Гэта "Паркінг", "Купалаўскі", "Алімп", "Палац спорту", "Рамонак", "Армонія", "Аляксандр", "Падземны горад" і гэтак далей. Ня ўсе прадпрымальнікі заплацілі падаткі. У сярэднім жа падатак з чалавека складае каля 80 эўра. Страйк наш будзе доўжыцца як мінімум 3 дні. Але ёсць прапановы і тыдзень, і два, а некаторыя кажуць: чаму б нам і месяц не страйкаваць".

Беларускі страйкавы камітэт прадпрымальнікаў у акцыі 1 верасня ўдзельнічаць не зьбіраецца. Вось што паведаміў нашаму Радыё старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) "Паводле нашых зьвестак, акцыя ня будзе дружнай. Яна ахопіць, магчыма, толькі адну чацьвёртую частку прадпрымальнікаў. Мы ставімся да акцыі нармалёва, але не ўхваляем яе. Рэч у тым, што ёсьць частка прадпрымальнікаў, якім, насамрэч, немагчыма працаваць у цяперашніх умовах. Але ёсьць і правакатары, якія хочуць сарваць прапанаваны намі бестэрміновы страйк з 1 кастрычніка. Чаму? Таму што мы высоўваем і палітычныя патрабаваньні".
XS
SM
MD
LG