Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ІМКЛІВА ГУБЛЯЕ РЫНКІ СНД


Уладзімер Глод, Менск

Агульная сума гандлю паміж Беларусьсю і Ўкраінай за першыя шэсьць месяцаў сёлета скалала толькі 240 мільёнаў даляраў. Украінскі амбасадар мусіў прызнаць, што дасягнуць лічбы 1 мільярд даляраў, якую называлі летась два прэм’еры, немагчыма. Прычым украінскі бок сёлета трохі павялічыў свой імпарт у Беларусь, а вось беларусы зьменшылі пастаўкі больш чым у два разы. І не таму, што Беларусь не хацела б гандляваць з краінаю-суседкаю. Уся справа ў тым, што ўкраінцам ужо не патрэбныя дарагія беларускія тавары.

Вось што на гэты конт гаворыць амабасдар Анатоль Дронь:

(Дронь: ) “Асноўнай прычынаю тут ёсьць рэзкае памяншэньне паставак беларускіх нафтапрадуктаў – на 100 мільёнаў даляраў, у параўнаньні зь леташнім паўгодзьдзем. Прычына тут простая, я казаў, што ўнутраная вытворчасьць у нас узрасла на 40%. У нас дастаткова нафтапрадуктаў, яны больш танныя, чым беларускія”.

Менавіта высокія цэны, а ня нейкае прадузятае стаўленьне перашкаджаюць экспарту беларускай вытворчасьці ва Ўкраіну. І пра гэта таксама казаў амбасадар Дронь.

(Дронь: ) “Зьяўляюцца разважаньні, што, маўляў, зьніжэньне беларускага экспарту зьвязанае з ужываньнем Украінаю антыдэмпінгавых захадаў. На самым высокім узроўні гэта было заяўлена. Гэта ня так – хачу заявіць”.

На думку амбасадара, беларускі бок ня схільны да кампрамісу. У выніку толькі на тытуню сёлета згублена 10 мільёнаў даляраў. А вось з Расеяй Украіна тут нашла паразуменьне.

Важна адзначыць, што тэндэнцыя да губляньня рынкаў беларусамі ахоплівае ня толькі Ўкраіну, але й іншыя краіны СНД. Як сьведчаць дадзеныя за першую палову году, экспарт беларускіх тавараў у краіны Садружнасьці за гэты час зьменшыўся на 10,3%.
XS
SM
MD
LG