Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТУРЭЦКІЯ БУДАЎНІКІ, ЯКІЯ ВЯДУЦЬ РЭКАНСТРУКЦЫЮ ГАТЭЛЮ “МІНСК”, ВЫМУШАНЫЯ ПРАЦАВАЦЬ БЯЗ ГРОШАЙ


Юры Сьвірко, Менск

У цэнтры беларускае сталіцы, на плошчы Незалежнасьці, турэцкія будаўнікі працуюць на рэканструкцыі гатэлю “Мінск” бяз грошай — толькі за ежу ды мажлівасьць пераначаваць. Прычына палягае ў арышце банкаўскага рахунку турэцкай фірмы “Эмсаш”, зь якой беларуская падатковая інспэкцыя хоча спагнаць прыблізна 2 мільёны даляраў штрафу. Туркі не заплацілі падаткі ў фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчае прадукцыі ды яшчэ шэраг збораў, пра якія яны нават не здагадваліся падчас тэндэру на рэканструкцыю гатэлю паводле 4-зоркавых стандартаў.

Увогуле, зь беларускай сельскай гаспадаркай замежным будаўнікам не шанцуе. Цяпер, калі ў гатэлі “Мінск”, што належыць кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, склалася сапраўды надзвычайнае становішча, тыя два чыноўнікі, ад якіх залежыць лёс гэтае будоўлі, — кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова ды міністар падаткаў і збораў Канстанцін Сумар — паехалі арганізоўваць жніво ў правінцыі. Вось што сказаў мне дырэктар гасьцініцы Мікалай Жураўскі:

(Жураўскі: ) “Сёньня я спадзяюся на Жураўкову. Але іх няма — Жураўковай няма, Сумара няма”.

(Карэспандэнт: ) “Усе на ўборачнай?”

(Жураўскі: ) “На ўборачнай. Яны заўтра прыедуць пасьля абеду”.

Прадстаўнік фірмы “Эмсаш” Энвэр Сэдат на маё пытаньне, чаму ягоныя рабочыя працуюць бясплатна, адказаў гэтак:

(Сэдат: ) “Таму што мы баімся сюды перавесьці грошы”.

Спадар Сэдат распавёў, што падатковая інспэкцыя 6 чэрвеня арыштавала рахунак ягонай фірмы, 14 чэрвеня адбыўся другі арышт рахунку, 17 чэрвеня зь яго прымусова сьпісалі грошы ў бюджэт, а 19 чэрвеня скасавалі арышт. Туркі думаюць, што хітрыя беларускія падаткавікі чакаюць новых пераводаў.

А турэцкая фірма чакае адмысловага распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, каб ёй далі магчымасьць працаваць.

(Сэдат: ) “Спадзяюся — праект распараджэньня падрыхтавалі, усе міністэрствы “дабро” далі. Але час ідзе, ужо другі месяц нічога ня можам рабіць”.

Дырэктар гасьцініцы “Мінск” Мікалай Жураўскі дадае:

(Жураўскі: ) “У нас працавалі 700 чалавек! У тры зьмены! Колькі сёньня?”

(Сэдат: ) “У нас вельмі мала — 165”.

Хаця з 700 рабочых засталося толькі 165, Энвэр Сэдат застаецца аптымістам і тлумачыць свае праблемы проста:

(Сэдат: ) “А, Мінфіну грошы патрэбныя. Паўсюль так, ва ўсім сьвеце. Ну, часам я думаю: адкуль я прыехаў сюды, у такую бюракратычную краіну?”

А заўтра на супольным паседжаньні калегіяў міністэрстваў замежных справаў, эканомікі й гандлю Аляксандар Лукашэнка, верагодна, зноў будзе распавядаць, як трэба прыцягваць у Беларусь інвэстараў. Дырэктар гатэлю “Мінск” Мікалай Жураўскі мяркуе, што для гэтага патрэбнае толькі адно:

(Жураўскі: ) “Каб быў нейкі каардынацыйны орган (як яго назваць — іншая справа), у тым жа ўрадзе, хто б займаўся інвэстыцыямі. Сёньня ніхто не займаецца ў нас івэстыцыямі — усё гаворым пра інвэстыцыі. Нам далі ўрадавую гарантыю й забыліся пра яе. І толькі тэрміны — калі трэба плаціць за ўрадавую гарантыю, болей нічога. А ўсе нашыя просьбы й лісты йдуць у адно месца. У кошык для паперы”.

Спадар Жураўскі на пытаньне, ці не разьлічвае ён на пакараньне чыноўнікаў з боку Аляксандра Лукашэнкі, адказаў гэтак:

(Жураўскі: ) “Калі выдасьць, дык будзе й слушна”.

А кіраўнік турэцкіх будаўнікоў Энвэр Сэдат заявіў, што найперш патрэбная эканамічная свабода, а інвэстарам трэба адкрытую дарогу даваць, а не цягнуць з выдачай ліцэнзіі па два–тры месяцы. “Гэта нікому не выгодна, а губляе толькі вашая краіна”, — заявіў прадстаўнік турэцкае фірмы й дадаў:

(Сэдат: ) “Расея й Беларусь — розьніца вельмі вялікая”.
XS
SM
MD
LG