Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛІ БЕЛАРУСЫ ЗМОГУЦЬ КУПІЦЬ ЭЎРА?


Міхал Стэльмак, Менск

Банкаўскія ўлады працягваюць змагацца з дэфіцытам эўра. Аднак, як пацьвердзіў сёньня нашаму радыё першы намесьнік старшыні Нацбанку Павал Калаўр, гэтае змаганьне пакуль што беспасьпяховае.

(Калаўр: ) “На жаль, не заўжды нашыя банкі ўмеюць апэратыўна разгарнуцца, каб з аднаго боку задаволіць попыт насельніцтва, а з другога — атрымаць дастатковую даходнасьць ды палепшыць сваё фінансавае становішча. Мы адмысловага апытаньня на гэты конт не рабілі, але тое, што попыт не задаволены, гэта насамрэч так. Ва ўсякім разе, ніводзін з банкаў не задавальняе попыт на эўра”.

Паводле ягоных словаў, Нацыянальны банк ня мае права прымусіць камэрцыйныя банкі завезьці ў краіну дастатковую колькасьць адзінай эўрапейскай валюты. З другога боку, гэткая пасьпешлівасьць, як лічыць спадар Калаўр, можа прынесьці банкам эканамічныя страты ў выпадку, калі эўра пачне траціць сваю папулярнасьць у сьвеце. Ва ўсякім разе, у Нацыянальным банку такога разьвіцьця падзеяў не выключаюць.

На чым грунтуецца такая пазыцыя? Вось як адказаў на гэтае пытаньне нашага радыё Павал Калаўр:

(Калаўр: ) “Амэрыканцы ацэньваюць пэрспэктывы ўмацаваньня эўра даволі скептычна. Наадварот, прагназуюць умацаваньне даляру. Таму вельмі складана вызначыць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве, якія тэндэнцыі будуць мець месца. Ня выключана, што могуць быць страты ад празьмернага захапленьня эўра.

Міжнародныя экспэрты, якія ад імя Міжнароднага валютнага фонду нядаўна працавалі ў Нацыянальным банку Беларусі, ацанілі, што ў ім золатавалютныя рэзэрвы ў эўра павінныя быць у межах 25%. Пакуль у нас гэтая лічба крыху ніжэйшая. Таму мы паводзім сябе кансэрватыўна. Таксама ў гэтым пытаньні мы праводзім кансультацыі з Цэнтральным банкам Расеі, зь іхнымі спэцыялістамі”.

Паводле словаў спадара Калаўра, хутка ў Калінінградзе адбудзецца чарговае паседжаньне беларуска-расейскай Міжбанкаўскай валютнай рады, дзе банкіры Беларусі й Расеі мяркуюць удакладніць свае пазыцыі ў дачыненьні да эўра.
XS
SM
MD
LG