Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НА ЎСЯСЬВЕТНЫХ РЫНКАХ НАЗІРАЕЦЦА ДЭПРЭСІЯ”


Натальля Судлянкова, Прага

Апошні тыдзень стаў адным з самых горшых у сучаснае гісторыі фондавых і валютных рынкаў. Даляр практычна параўняўся з эўра, рынкі акцый па ўсім сьвеце перажылі жахлівае падзеньне.

Што адбываецца ў вялікім сьвеце? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да былога кіраўніка “Джэм-голдынгу”, аднаго з самых таленавітых беларускіх фінансыстаў Андрэя Каладоўскага.

(Каладоўскі: ) “Гэта называецца дэпрэсія”.

Гучыць даволі сумна. Адразу нагадвае “Вялікую дэпрэсію” 1930-х гадоў. Але асноўнай прыкметай пачатку дэпрэсіі зьяўляецца так званая карэкцыя.

Гаворыць Андрэй Каладоўскі:

(Каладоўскі: ) “Карэкцыя – гэта цесна зьвязаны з дэпрэсіяй тэрмін. Ён азначае тое, што вакол фундамэнтальнага росту рынку фармуюцца спадзяваньні. І калі адносіны гэтых спадзяваньняў да рэальнага росту эканомікі пераходзяць нейкую здаровую мяжу, рынак вяртаецца ў нармальнае русла з дапамогай карэкцыі. Па-чалавечы кажучы, абваліўшыся”.

Карэкцыя рынку пачалася яшчэ ў 2000 годзе. Але самыя адчувальныя наступствы сьвет перажывае менавіта зараз. Вядучыя рынкі зь сярэдзіны траўня згубілі ад 13 да 20 адсоткаў свае вартасьці, і існуе меркаваньне, што гэтае падзеньне можа працягнуцца.

На апошнія падзеі на фінансавых рынках у значнай ступені паўплывалі буйныя праблемы ў справаздачнасьці вядучых амэрыканскіх кампаніяў. Як гэта сталася магчымым? Адказвае спадар Каладоўскі.

(Каладоўскі: ) “Ёсьць два бакі ў гэтай справе – тэхнічны і псыхалягічны. З тэхнічнага пункту гледжаньня цікавыя нюансы – розьніца паміж ГААПам, які выкарыстоўваецца ў ЗША і ўлікам, што выкарыстоўваецца ў Эўропе, і ў першую чаргу, у Беларусі. У Беларусі выкарыстоўваецца той стандартны плян рахункаў, у ЗША стандартнага пляну рахункаў не існуе. Кожная кампанія стварае свой балянс так, як лічыць патрэбным. Натуральна, гэта дае магчымасьць выбара. Але ў выніку пагаршаецца магчымасьць параўноўваць гаспадарчыя вынікі дзейнасьці розных кампаніяў”.

Прынцыпова адрозьніваецца амэрыканская і, напрыклад, беларуская сыстэмы матывацый да пасьпяховае працы.

(Каладоўскі: ) “У Беларусі мэнэджэры імкнуцца схаваць свае прыбыткі, таму што ня хочуць плаціціь вялікія падаткі, але ў ЗША акцыянэрныя кампаніі, акцыямі якіх гандлюе біржа, наадварот імкнуцца паказаць свой прыбытак як мага больш вялікім”.

Натуральна, амэрыканскі ўрад ня мог застацца ў баку ад гэтых падзеяў. З заявамі выступілі і прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, і кіраўнік Фэдэральнае рэзэрвнае сыстэмы ЗША Алан Грынспэн. Вось, што, напрыклад, сказаў спадар Грынспэн.

(Грынспэн: ) “Кароткатэрміновасьць і адносная мяккасьць нядаўняга эканамічнага спаду, як я і адзначаў ужо сёлета, ёсьць вынікам значнага паляпшэньня і гнуткасьці амэрыканскае эканомікі”.

9 ліпеня Джордж Буш паабяцаў зрабіць больш жорсткія захады супраць тых кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія парушаюць закон. Ён пагразіў, што максымальны тэрмін зьняволеньня для парушальнікаў у выніку прыцягненьня іх да адказнасьці падвысіцца зь пяці да дзесяці гадоў.

Рынак адрэагаваў вельмі своеасабліва – на наступны дзень індэкс Доў-Джонса абваліўся на 280 пунктаў.

Ці дапамогуць такія меры палепшыць эканамічную сытуацыю? Гаворыць Андрэй Каладоўскі:

(Каладоўскі: ) “Я лічу, што галоўная прычына – гэта тое, што людзі, якія займаюцца ў карпарацыях спараваздачамі, і тыя, якія яе правяраюць – аўдытары і галоўныя бухгалтары – падпарадкоўваюцца мэнэджэрам. Гэта значыць, тым людзям, якіх яны мусяць кантраляваць. Гэта нелягічная канструкцыя фундамэнтальна. Я бы параіў зьмяніць падыход такім чынам, каб галоўны бугальтар у карпарыцыі падпарадкоўваўся ня мэнэджэрам, але Савету дырэктараў”.

Алан Грынспэн упэўнены ў тым, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем і пэрспэктывы ў амэрыканскае эканомікі адняць немагчыма.

(Грынспэн: ) “Ёсьць падставы вяртаньня доўгатэрміновага эканамічнага росту”.

Згаджаецца з гэтым і Андрэй Каладоўскі:

(Каладоўскі: ) “Фундамэнтальна, з пункту гледжаньня доўгатэрміновай пэрспэктывы, амэрыканцы ўмеюць зарабляць грошы больш эфэктыўна, чым іншыя нацыі і краіны сьвету зараз. З пункту гледжаньня доўгатэрміновага, валюта ЗША мусіць расьці адносна валютаў іншых краінаў”.

І гэта ня можа не суцяшаць. Сёньняшняя ўсясьветная эканамічная сыстэма настолькі глябалізаваная, што практычна аніводная краіна ў сьвеце ня можа застацца незакранутай агульным эканамічным крызысам – і Беларусь таксама. Таму, напэўна, цяжка паверыць намесьніку дырэктара валютнага дэпартамэнту Нацыянальнага банку Беларусі спадару Астаніну, які лічыць, што ўзмацненьне эўра неістотна паўплывае на сытуацыю ў эканоміцы. Беларусь – таксама частка сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG