Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ КАМПАНІЯ “БАЛТЫКА” НЕ ГУБЛЯЕ НАДЗЕІ ПРЫВАТЫЗАВАЦЬ МЕНСКІ БРОВАР “КРЫНІЦА”


Алесь Грыневіч, Менск

На мінулым тыдні расейскі прэзыдэнт Пуцін зацьвердіў пагадненьне аб узаемным выкананьні рашэньняў арбітражных судоў Беларусі й Расеі. Як толькі Беларусь будзе афіцыйна паінфармаваная пра гэта, пагадненьне ўступіць у сілу, бо беларускае кіраўніцтва ўхваліла яго яшчэ ў чэрвені.

Гэтае пагадненьне можа палегчыць расейскай кампаніі “Балтыка” вяртаньне выдаткаў прыкладна на 10 мільёнаў даляраў на рэканструкцыю менскага бровару “Крыніца”. Інвэстыцыі ў перабудову “Крыніцы” былі аформленыя як пазыка. Пасьля таго, як беларускія ўлады адмовіліся перадаць “Балтыцы” кантрольны пакет акцыяў “Крыніцы”, расейская кампанія зьвярнулася ў суд. У чэрвені арбітражны суд пры Гандлёва-прамысловай палаце Расеі прыняў рашэньне аб спагнаньні з “Крыніцы” першай часткі пазыкі — прыкладна на мільён даляраў.

Аднак прэсавы сакратар “Балтыкі” Аляксей Кедрын кажа, што ягоная кампанія не пакідае надзеяў на прыватызацыю менскага заводу. Паводле Кедрына, ад часу сустрэчы прэзыдэнта “Балтыкі” Тэймураза Балоева з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўніцтва кампаніі некалькі месяцаў чакае адказу беларускіх уладаў на свае чарговыя прапановы.

(Кедрын: ) “Мы не разглядаем нашую дзейнасьць у судзе з гэтай нагоды як супрацьстаяньне зь беларускім бокам. Мы, паводле расейскага заканадаўства, абавязаныя зафіксаваць даўгі, калі яны ёсьць. А што тычыцца праекту — ніякіх зьменаў няма. Пасьля сустрэчы Балоева і Лукашэнкі, калі чарговы раз пацьвердзіліся намеры бакоў, мы, як і абяцалі, аддалі беларускаму боку свае прапановы. Гэта было ў красавіку. З таго часу да нас пакуль не паступала ніякіх новых прапановаў”.

Аляксей Кедрын кажа, што сутнасьць прапановаў “Балтыкі” застаецца нязьменнай — магчымасць атрымаць кантрольны пакет акцыяў “Крыніцы” і гатоўнасьць інвэставаць у завод каля 50 мільёнаў даляраў. Я запытаўся, ці вызначыла кіраўніцтва “Балтыкі” скрайнія тэрміны для адказу на свае прапановы аб прыватызацыі “Крыніцы”. Вось што адказаў Аляксей Кедрын:

(Кедрын: ) “Я думаю, што скрайніх тэрмінаў тут існаваць ня можа. Бо значэньне праекту вялікае; рынак заходні нас па-ранейшаму цікавіць. Менск разглядаўся як адзін з пляцдармаў дзеля далейшага прасоўваньня прадукцыі кампаніі на захад, бо на беларускім рынку “Балтыка” прысутнічае і сёньня, і без заводу, як вы ведаеце. Таму ніякіх скрайніх тэрмінаў не названа”.

На самой “Крыніцы” пра далейшыя перамовы паміж “Балтыкай” і беларускім урадам нічога невядома. Гаворыць начальнік аддзелу маркетынгу “Крыніцы” Ўладзімер Барысевіч:

(Барысевіч: ) “Мы спадземся на далейшую сумесную працу зь імі, але ніякіх перамоваў ня бачна. У нас цішыня на прадпрыемстве — ніхто нічога ня ведае. Пакуль на “Крыніцы” няма ні з ураду, ні з “Балтыкі” ніякай інфармацыі”.
XS
SM
MD
LG