Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ Ў БЕЛАРУСІ ВЫПУСКАЦЦА МЭБЛЯ IKEA?


Алесь Грыневіч, Менск

Швэдзкая кампанія ІКЕА мае намер пабудаваць мэблевую фабрыку ў вёсцы Фарынава Полацкага раёну. Швэды хацелі б набыць будынак збанкрутавалага бэтоннага заводу, каб наладзіць там поўны цыкль вытворчасьці — ад першаснай апрацоўкі драўніны да вырабу гатовай мэблі. Гэтая мэбля з азнакай “Made in Belarus” пастаўлялася б у сетку крамаў ІКЕА па ўсім сьвеце.

Кіраўнік прадстаўніцтва ІКЕА ў Беларусі Стэфан Калеціч кажа, што кампанія хоча ўкласьці ў вытворчасьць каля 25 мільёнаў даляраў. На фабрыцы заплянавана ад 600 да 700 працоўных месцаў. Паводле Калеціча, на 95% гэта павінны быць беларускія спэцыялісты.

Ўлады Полацкага раёну і Віцебскай вобласьці даўно ўжо далі згоду на праект. Калеціч кажа, што ў большасьці іншых краінаў дамовы зь мясцовымі ўладамі было б дастаткова. Але ў Беларусі кіраўніцтва ІКЕА пажадала мець гарантыі на самым высокім узроўні — з прычыны неспрыяльнага інвэстыцыйнага клімату.

(Калеціч: ) “Рынак Беларусі сёньня, як ні шкада гэта казаць, лічыцца рынкам высокіх рызыкаў. І пакуль гэтая назва — “рынак высокіх рызыкаў” — будзе захоўвацца ў меркаваньнях замежных інвэстараў і бізнэсоўцаў, Беларусі будзе вельмі цяжка з гэтым нешта зрабіць”.

Доўгі час ІКЕА вяла перамовы зь міністэрствамі эканомікі й замежных справаў Беларусі. Цяпер праект трапіў на разгляд Савету міністраў. Для пагадненьня аб урадавых гарантыях патрабуецца яшчэ і асабістая згода Аляксандра Лукашэнкі. Калеціч кажа, што кіраўніцтва ягонай кампаніі спадзяецца, што беларускі ўрад прыме рашэньне на пачатку жніўня. Рада дырэктараў “Swedwood” — даччынай кампаніі ІКЕА, якая займаецца вытворчасьцю, — вырашыла скасаваць праект, калі да 29 жніўня ня будзе канкрэтнага адказу. Гаворыць Стэфан Калеціч:

(Калеціч: ) “Калі да гэтай даты мы не атрымаем гарантыяў, што праект будзе падпісаны, што ён мусіць быць падпісаны, Рада дырэктараў не дазволіць прадстаўнікам у Менску і мне, як каардынатару, далей весьці перамовы. Праект будзе перанесены зь Беларусі. Бо гэта пытаньне часу. Прадукцыя, якую мы плянавалі ў Полацку, ужо замоўленая гандлёвай сеткай ІКЕА, але штогод гэтыя перамовы ўсё адкладваліся і зацягваліся. Цяпер мы павінныя сказаць, што абмеркаваньне сканчаецца. Потым праект будзе перанесены, хутчэй за ўсё, у Расею”.

Прадстаўнік ІКЕА кажа, што ягоная кампанія вядзе паралельныя перамовы з адным з расейскіх рэгіёнаў. Паводле Калеціча, перанос праекту зь Беларусі быў бы нявыгадны як для ІКЕА, так і для беларускай эканомікі, якой вельмі не хапае інвэстыцыяў.

(Калеціч: ) “На маю думку, каб уратаваць эканоміку і каб дабіцца лепшага жыцьця для людзей у гэтай краіне, трэба паскорыць эканамічнае развіцьцё. І адзіны шлях да такога паскарэньня — мець добрыя адносіны з сусьветнымі рынкамі. Я ведаю, што беларускі рынак быў вельмі моцна арыентаваны на рынак Расеі. Але расейскі рынак зараз падвышае якасьць вытворчасьці. Сёньня гэта вельмі канкурэнтны рынак, і беларускай прадукцыі цяжка быць канкурэнтаздольнай. Таму Беларусі патрэбныя інвэстыцыі, каб падвысіць узровень тэхналёгіі. Тады прадукцыя будзе канкурэнтаздольнай на сусьветных рынках”.
XS
SM
MD
LG