Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДАТКОВАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА БЕЛАРУСІ — АДНО З САМЫХ РЭГРЭСІЎНЫХ У СЬВЕЦЕ


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле міністра падатковага ведамства, недаплаты ў бюджэт за першае паўгодзьдзе скараціліся на 18 мільрдаў рублёў і на сёньня складаюць 2,5% ад кансалідаванага бюджэту. І хоць афіцыйная статыстыка сьведчыць, што банкрутамі зьяўляюцца 20% прадпрыемстваў краіны, а падатковую запазычанасьць маюць 4,5 тысячы суб’ектаў гаспадараньня — Канстанцін Сумар не сумняецца таксама і ў пэрспэктыве выкананьня бюджэту за другое паўгодзьдзе.

(Сумар: ) “Мы выканалі падатковыя паступленьні па ўсіх паказчыках. Я думаю, што й па выніках году плянавыя паказчыкі будуць выкананыя”.

Аднак гэтыя аптымістычныя настроі не падзяляюць незалежныя экспэрты, якія заявы пра паляпшэньне становішча ў падаткова-бюджэтнай галіне называюць не эканамічнай рэчаіснасьцю, а палітычнай неабходнасьцю. Гаворыць эканаміст і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманюк:

(Раманюк: ) “Для мяне загадка — як бюджэт выкананы за паўгода, калі па выніках трох месяцаў недаплаты складалі да 10% і стан быў дастаткова складаны. Гэта можна патлумачыць тым, што калі людзі маюць усе прылады лічэньня грошай і рэпрэзэнтацыі вынікаў, то стымул зрабіць “ліпу” вельмі высокі”.

Недасканаласьць цяперашняга падатковага заканадаўства і неабходнасьць ягонай дапрацоўкі прызнаецца на самым высокім узроўні. У прыватнасьці, міністар Канстанцін Сумар сьцьвярджае, што неабходна зьнізіць падатковую нагрузку для юрыдычных і фізычных асобаў, правесьці ўніфікацыю заканадаўства ў адпаведнасьці з расейскімі й міжнароднымі нормамі і што нават распрацаваны новы праект падатковага кодэксу. Гаворыць Яраслаў Раманюк:

(Раманюк: ) “Тое, што яны прапануюць — гэта пераліваньне з пустога ў парожняе. Пра гэта сьведчыць як інвэстыцыйны патэнцыял нашай краіны, так і рэйтынг нашай краіны ў карпарацыйным сьвеце. У нас няма разуменьня таго, якой павінна быць падатковая і бюджэтная сыстэма краіны, якая стымулюе эканамічны рост”.

Паводле словаў спадара Раманюка, Аб’яднаная грамадзянская партыя яшчэ ў лістападзе прапанавала ўраду сваю канцэпцыю праекту бюджэту й падатковай сыстэмы, аднак гэтую праграму чыноўнікі праігнаравалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG