Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ СПРАБУЕ ЗАМАЦАВАЦЦА НА ЭЎРАПЕЙСКІХ РЫНКАХ


Тацяна Поклад, Вільня

На сустрэчы і кансультацыях у Вільні галоўным было абмеркаваньне гандлёвай палітыкі – паляпшэньня умоваў узаемнага гандлю Беларусі і Літвы ды мытныя тарыфы з пункту гледжаньня інтэграцыйных працэсаў – Літвы з Эўразвязам і Беларусі з Расеяй. Беларускую дэлегацыю ачольваў дырэктар дэпартамэнту каардынацыі замежнаэканамічнай дзейнасьці МЗС Аляксандар Куцэлай, літоўскую – дырэктар эканамічнага дэпартамэнту МЗС Ромас Швядас.

(Швядас: ) “Для Літвы, без сумневу, беларускі рынак вельмі істотны, бо Беларусь – блізкая суседняя дзяржава, і досыць вялікая дзяржава. Беларусь зараз абмяркоўвае праект мытнага саюзу з Расеей – для Літвы гэта мае значэньне ў гандлёвых дачыненьнях, у тым жа часе Беларусь цікавіць інтэграцыя Літвы ў Эўразьвяз, бо для Беларусі гэта цяпер будзе эўрапейскі рынак – і высокія кошты на продаж беларускіх тавараў. Для Беларусі літоўскі рынак істотны, бо ўзровень коштаў на Беларусі ніжэйшы, чым ў Літве – таму Беларусі выгодна экспартаваць свае тавары, і літоўскія імпарцёры ахвотна супрацоўнічаюць зь Беларускімі вытворцамі. А для літоўскіх экспарцёраў, якія вязуць свае тавары ў Беларусь, існуюць праблемы з разьлікамі – ня ў час разьлічваюцца, гэта не сакрэт, – якраз і гэта абмяркоўвалася ў Вільні.

Беларусі больш выгодна прадаваць свае тавары ў Літву. Вось чым зацікаўленыя літоўскія фірмы, дык гэта інвэстыцыямі ў Беларусі, якія ўжо пачаліся. Дэлегацыі абмяркоўвалі умовы інвэстыцыяў, асабліва для лёгкай прамысловасьці”.

Паводле статыстыкі, па выніках гандлю Беларусі зь дзяржавамі па-за СНД ў першай чвэрці 2002 году Літва заняла 5-е месца па гандлёвым абароце, 6 – па экспарце і 4 – па імпарце. У грашовым выглядзе таваразварот між Беларусьсю і Літвой складае 124,2 млн даляраў ЗША.

Таваразварот за мінулы год вырас на 15% ў параўнаньні з гэткім жа пэрыядам летась менавіта дзеля большай беларускай актыўнасьці на літоўскім рынку. Беларусь больш прадае тавараў на літоўскі рынак, чым Літва – на беларускі.

За апошні год зьменшылася колькасьць замоваў зь Літвы на мінэральныя ўгнаеньні і нафтапрадукты зь Беларусі. Нядаўна дзеля розьніцы ў коштах праводзіліся антыдэмпінгавыя досьледы адносна літоўскай шклаваты на беларускім рынку і беларускай вапны на літоўскім рынку. Літва падала ўсе неабходныя для досьледу зьвесткі і дакумэнты, але пачала больш стрымана рэагаваць на беларускія прапановы. Тым часам Беларусь спрабуе адкрыць літоўскі рынак збыту і для лекаў беларускай вытворчасьці.

(Швядас: ) “Гаворка вялася пра рэгістрацыю беларускіх мэдыцынскіх прэпаратаў у Літве, былі прадстаўнікі адпаведных службаў абедзьвюх краінаў. Паводле існуючага парадку ў Літве ўсе лекі мусяць адпавядаць стандартам Эўразьвязу, каб прайсьці рэгістрацыю – а беларускія лекі ня ўсе адпавядаюць эўрастандартам. Але затое гэтыя лекі таньнейшыя, так што на іх быў бы попыт. Было вырашана, што рэгістрацыйныя службы Літвы і Беларусі сустрэнуцца дзеля асобных перамоваў і паспрабуюць вырашыць гэтую праблему, але, зь іншага боку, стандарты ёсьць стандарты”.

Найбольш Беларусь прадае Літве нафтапрадукты, мінэральныя рэчывы – вапну, азотныя ды іншыя ўгнаеньні, апрача таго – харчовыя прадукты жывёльнага і расьліннага паходжаньня, сынтытычныя валокны і трактары. У Літвы Беларусь набывае збожжа – пшаніцу, ячмень, а таксама электратавары і мэханічнае абсталяваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG