Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ РАСПАЧЫНАЮЦЬ СТРАЙКАВЫ МАРАТОН


Ігар Карней, Менск

Распачалася акцыя страйкам прадпрымальнікаў Слоніму, якія цягам ліпеня ня будуць адлічаць у гарадзкі бюджэт ніякіх падаткаў. Слонімскія бізнэсоўцы пратэстуюць найперш супраць дадатковых пабораў, што ўвёў нядаўна Гарадзенскі абласны савет.

Але асноўныя патрабаваньні ў прадпрымальнікаў Беларусі цяпер агульныя: не дапусьціць прыняцьця дэкрэту Лукашэнкі, які павінен пачаць дзейнічаць ад 1 верасьня гэтага году і паводле якога праз павелічэньне каэфіцыентаў на імпартовы тавар стаўкі адзінага падатку падвысяцца ў 2–3 разы. Адпаведна, у столькі ж разоў вырастуць і памеры штрафаў за невыкананьне дэкрэту.

Але чаму менавіта Слонім даў эстафэту будучым страйкам? Распавядае намесьнік старшыні страйкавага камітэту прадпрымальнікаў Беларусі Аляксандар Васільеў:

(Васільеў: ) “Гаворка ідзе пра раённы горад, дзе абароты прадпрымальнікаў куды меншыя, чым у абласных цэнтрах ці ў Менску. Таму ўжо зараз у бальшыні зь іх узьніклі сур’ёзныя праблемы. Пакуль там вырашана на працягу месяца правесьці акцыю, найперш зьвязаную зь нявыплатай падаткаў, каб улады адчулі, што гэта такое. А ўжо 31 ліпеня адбудзецца папераджальны страйк па ўсёй краіне.

Калі нічога ня зьменіцца і дэкрэт будзе падпісаны, ад 1 верасьня распачнецца ўсеагульны бестэрміновы страйк са спыненьнем выплаты ўсіх падаткаў, усіх выплатаў у бюджэт. Дэкрэт найперш б’е па самых дробных прадпрымальніках, якіх і прадпрымальнікамі назваць цяжка, бо самі яны канцы з канцамі ледзьве зводзяць. Хутчэй, гэта дробныя гандляры. А дэкрэт іх цалкам ліквідуе, і тысячы людзей застаюцца бяз сродкаў для існаваньня”.

Магчымасьць хуткага далучэньня да акцыі прадпрымальнікаў Слоніму таксама разглядаюць кіраўнікі прафсаюзаў прадпрымальнікаў у Ваўкавыску, Гомелі і Магілёве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG