Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД БЕЛАРУСІ ЗАЯВІЎ ПРА НАМЕР НАЦЫЯНАЛІЗАВАЦЬ ВЯДОМЫ МЕНСКІ БРОВАР “АЛІВАРЫЯ”


Міхал Стэльмак, Менск

Вось што паведаміў на гэты конт нашаму радыё дырэктар “Аліварыі” Мікалай Дудко:

(Дудко: ) “Дакумэнт, якім вызначаная гэтая задача, народжаны ў нетрах Савету Міністраў. А Савет Міністраў, як вядома — ня нейкая канторка, што жартуе. У пратаколе нарады, што праводзіў віцэ-прэм’ер Папкоў, дадзеныя канкрэтныя ўказаньні Міністэрству эканомікі і канцэрну “Белхарчпрам” распрацаваць адпаведныя дакумэнты. Паводле нашых зьвестак, мы нібыта не задавальняем аўтараў гэтай ідэі сваімі вытворчымі паказчыкамі. Гаворка ідзе пра тое, што прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, зацьверджаныя на 2002 год прэзыдэнтам Беларусі, нашым прадпрыемствам не выконваюцца”.

Паводле Мікалая Дудка, дырэктара бровару “Аліварыя”, такая падстава для нацыяналізацыі прадпрыемства выклікае зьдзіўленьне. Хаця б таму, што “Аліварыя” выглядае лепш за многія іншыя прадпрыемствы піваварнай галіны Беларусі. Прычым “Аліварыя” паводле вытворчых паказчыкаў працуе лепш якраз за прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасьці. З другога боку, дырэктара сталічнага бровару зьдзіўляе раптоўная ініцыятыва яшчэ і таму, што ў Беларусі няма закону пра нацыяналізацыю.

У працоўным калектыве “Аліварыі” ўрадавыя пляны выклікалі зьдзіўленьне. Рэч у тым, што калектыў — галоўны акцыянэр бровару. Яму належыць 60% акцыяў. Напалохала гэтая ініцыятыва беларускага ўраду і патэнцыйных інвэстараў.

(Дудко: ) “Мне ўжо тэлефанавалі некалькі інвэстараў, якія працуюць на беларускім рынку. Пыталіся, што адбываецца і чаго ім чакаць далей. Намі цікавяцца, таму што мы па аб’ёмах вытворчасьці — на чацьвертым месцы пасьля Ліды, Рэчыцы і “Крыніцы”.

Зьдзіўленыя плянамі нацыяналізацыі “Аліварыі” і ў менскім прадстаўніцтве вядомай міжнароднай кампаніі “Дэлойт энд Туш”, якая кансультуе замежных інвэстараў. Вось што зазначыў на гэты конт намесьнік дырэктара прадстаўніцтва Аляксандар Блінкоўскі:

(Блінкоўскі: ) “Нацыяналізуюцца галіны, ад якіх залежыць бясьпека дзяржавы. Такая міжнародная практыка. Ці ёсьць такою галіною для Беларусі піваварная, я дакладна ня ведаю. Але маю сумнеў, што гэта так. Яшчэ адна нагода для нацыяналізацыі — прадухіленьне банкруцтва. Але я, шчыра кажучы, ня чуў, што “Аліварыя” зьбіраецца збанкрутаваць”.
XS
SM
MD
LG