Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЯ КАМПАНІЯ “СЛАЎНАФТА” ЗНОЎ АПЫНУЛАСЯ Ў ЦЭНТРЫ ГУЧНАГА СКАНДАЛУ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў “Слаўнафце” было двоеўладзьдзе. Кіравалі ёю адразу два чалавекі: Міхаіл Гуцэрыеў і Юры Суханаў. Вось што распавёў нашаму радыё па тэлефоне з Масквы супрацоўнік дэпартамэнту грамадзкіх сувязяў кампаніі Андрэй Брынцаў:

(Брынцаў: ) “У 8 гадзінаў раніцы ў будынак кампаніі прыехаў Міхаіл Гуцэрыеў. Былі разблякаваныя дзьверы кампаніі, і яе супрацоўнікі трапілі ў будынак. Усе, апроч дзейнага прэзыдэнта Юрыя Суханава. Гуцэрыеў абвесьціў, што верне на працу каля 200 звольненых супрацоўнікаў, а таксама разблякуе кантракты, замарожаныя падчас ягонай адсутнасьці. У сваю чаргу, Юры Суханаў знаходзіцца ля офісу і чакае жорсткага рашэньня праваахоўчых структураў адносна вызваленьня офісу для дзейнага кіраўніцтва. Што тычыцца пастаўкі ў Беларусь нафты, то сытуацыя ў кампаніі не дае магчымасьці вызначыць зрыў альбо дакладнасьць выкананьня графіку пастаўкі”.

За разьвіцьцём чарговага скандалу ў маскоўскім офісе кампаніі ўважліва сочаць і ў Беларусі. Кіраўнікоў нафтахімічнай галіны непакоіць тэндэнцыя, зьвязаная са скарачэньнем паставак у Беларусь расейскай нафты. У чэрвені амаль на траціну зьменшыліся аб’ёмы перапрацоўкі расейскага паліва на наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Таму ў канцэрне “Белнафтахім” пануе трывога, каб дэстабілізацыя ў “Слаўнафце” не адбілася і на вытворчых паказьніках Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.

Гаворыць дарадца прэзыдэнта “Белнафтахіму” Віктар Азараў:

(Азараў: ) “Вядома, гэта непарадак, калі кіраўніцтва мяняецца. Гэта не ўпрыгожвае як кіраўніцтва гэтай кампаніі, так і ў цэлым кіраўніцтва Расеі. Тым больш гэта дзяржаўная кампанія. Таму што ёсьць выдаткі такога становішча. Барацьба за ўладу ў кампаніі адбіваецца на людзях, якія працуюць на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Хай Расея разьбіраецца са сваімі нафтавымі кампаніямі”.

Паводле словаў спадара Азарава, важна, каб барацьба за кіраўнічы партфэль паміж Гуцэрыевым і Суханавым не сарвала распачатую рэканструкцыю мазырскага заводу. У самім Мазыры таксама чакаюць вынікаў гэтага змаганьня расейскіх бізнэсоўцаў.

Вось якое меркаваньне выказаў на гэты конт намесьнік генэральнага дырэктара нафтаперапрацоўчага заводу Аляксей Віхор:

(Віхор: ) “Хай разьбіраюцца. Гэта Расея-матухна. У іх там свае законы. І, відаць, гэтыя законы дазваляюць так дзейнічаць, каб аднаго паставілі, а іншы заняў кабінэт. Таму нам гэта кепска, і ўсім гэта кепска”.
XS
SM
MD
LG