Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ВЫТВОРЦЫ ШКЛАВАТЫ ЗАНЕПАКОЕНЫЯ ХУТКІМ РОСТАМ ІМПАРТУ ГЭТАГА ВЫРАБУ З ЛІТВЫ


Тацяна Поклад, Вільня

Беларускі рынак збыту надзвычай прывабны для літоўскіх бізнэсоўцаў, паколькі дае добрыя магчымасьці для прыбытку. Літоўскі бізнэс актыўна засвойвае беларускі рынак, імпарт вырабаў зь Літвы альбо празь Літву (калі літоўскія кампаніі зьяўляюцца толькі пасрэднікамі) ўзрастае штогод.

Сёньня літоўскія інфармацыйныя агенцыі паведамілі, што да змаганьня за беларускі рынак збыту далучаюцца і ўрады абедзьвюх суседніх краінаў. Зараз праблема ўзьнялася вакол імпарту ацяпляльнага будаўнічага матэрыялу – шклаваты.

Доля імпартавой шклаваты на беларускім рынку павялічылася ад 13% у 1999 да 25% летась. Найбольшую частку гэтага імпарта кантралюе літоўскае акцыянэрнае таварыства “Paroc”, якое прадае ў Беларусь шклавату ўласнага вырабу, а таксама прывезенную зь Фінляндыі і Польшчы.

Беларускія вытворцы шклаваты напісалі скаргу і запатрабавалі ўзьняць мытную пошліну на шклавату ад цяперашніх 15% да 50% ды ўсталяваць квоту на імпарт шклаваты – не вышэйшую, прынамсі, за ўжо дасягнуты ўзровень 25%.

Прадстаўнікі літоўскага боку сёньня тэрмінова выехалі на перамовы ў Беларусь. Найперш занепакоеннае літоўскае акцыянэрнае таварыства “Paroc”, зь якога паведамілі:

(Прадстаўніца таварыства “Paroc”: ) ”Многія цяпер задзейнічаныя ў гэтай справе – і нашыя міністэрствы, і ў Беларусі. Увогуле справай займаецца Міністэрства гаспадаркі Літвы і разам зь ім Міністэрства замежных справаў. У Літве ўжо тэрмінова створаная адмысловая камісія для перамоваў і кансультацый з прадстаўнікамі Беларусі”.

Літоўскае акцыянэрнае таварыства “Paroc” праз свайго дырэктара па маркетынгу Юліюса Мешкаўскаса паведаміла ў літоўскія сродкі інфармацыі, што скаргі і абурэньне беларусаў цалкам ня маюць падставаў, бо імпартаваная зь Літвы шклавата каштуе даражэй за мясцовую беларускую, але мае лепшую якасьць, таму пакупнікі абіраюць яе, так што скаргі і спробы рэгуляваць рынак дзяржаўнымі санкцыямі найбольш пашкодзяць беларускім спажыўцам, а не літоўскім бізнэсоўцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG