Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР РАСЬСЬЛЕДУЕ ДЗЕЙНАСЬЦЬ “ІТЭРЫ”


Алесь Грыневіч, Прага

Учора газэта “The Moscow Times” паведаміла, што Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША пачало расьсьледаваць дзейнасьць расейскай газавай кампаніі “Ітэра”. ФБР нібыта шукае доказы таго, што ў “Ітэру” па заніжаных цэнах пераводзіліся актывы расейскай газавай манаполіі “Газпрам”, якая кантралюе чвэрць сусьветных запасаў прыроднага газу. Прадстаўнікі ФБР адмаўляюцца пацьвердзіць ці абвергнуць інфармацыю аб расьследаваньні.

Менавіта “Ітэра” займаецца пастаўкамі расейскага прыроднага газу ў Беларусь. Гэтая кампанія таксама выказала жаданьне ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў – у прыватнасьці, магілёўскага вытворчага аб'яднаньня “Хімвалакно” і наваполацкіх прадпрыемстваў “Нафтан” ды “Палімір”. 8 красавіка прэзыдэнт “Ітэры” Ігар Макараў сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Інфармацыі па выніках сустрэчы было няшмат. Прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі паведаміла толькі, што сустрэча мела “канцэптуальны” характар, а больш дэталёвае абмеркаваньне адбудзецца непасрэдна на перамовах інвестараў з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, якія акцыянуюцца.

“Ітэра” – гэта другая найбуйнейшая газавая кампанія Расеі, але зарэгістраваная яна ў амэрыканскім штаце Флёрыда. Кампанія вельмі хутка разбагацела, бо менавіта яна кантралюе продаж расейскага газу ў краінах СНД. Існуе шмат пытаньняў пра сувязі “Ітэры” і “Газпраму”, у якім 38% акцыяў належыць расейскай дзяржаве. У прыватнасьці, “Газпрам” прадаў “Ітэры” важную частку сваіх актываў усяго за 1300 даляраў. Расейскія выданьні час ад часу паведамлялі, што некаторыя кіраўнікі “Газпраму” маюць акцыі “Ітэры”. Пасьля ўмяшальніцтва расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў кіраўніцтве “Газпраму” адбыліся значныя зьмены.

Аналітык нашага радыё Майкл Лелівэльд кажа, што цяперашняе расьсьледаваньне дзейнасьці “Ітэры” з боку ФБР, магчыма, выкліканае ня толькі тым, што кампанія зарэгістраваная ў Злучаных Штатах. Акцыі “Газпраму” прадаюцца на амэрыканскіх біржах, таму магчымыя махлярствы з актывамі расейскай газавай манаполіі закранаюць і амэрыканскіх уласьнікаў.

Адзін з акцыянераў “Газпраму” -- кіраўнік фінансавай кампаніі “Гэрмітаж Кэпітал Мэнэджмэнт” Вільям Браўдэр нядаўна падаў у суд. Ён не давярае вынікам праверак “Газпраму”, якія праводзіліся амэрыканскай фірмай “Прайсўотэрхаус Купэр”. Гэтая фірма правярае “Газпрам” з сярэдзіны 1990-х гадоў і не знайшла ніякіх незаконных сувязяў з “Ітэрай”. У гэты панядзелак “Газпрам” абвесьціў, што хоча, каб гэтая ж фірма ладзіла праверку і ў наступным фінансавым годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG