Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД СІНІЦЫН СТВАРЫЎ У МАСКВЕ ФОНД ДЗЕЛЯ ПАДТРЫМКІ РАСЕЙСКІХ І БЕЛАРУСКІХ БІЗНЭСОЎЦАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле Леаніда Сініцына, без дэмакратыі, лібэральнай эканомікі і развіцьця тэхналёгіяў ня можа разьвівацца ніводная краіна. Як толькі нейкая дзяржава ігнаруе гэтыя прынцыпы, сытуацыя у ёй пагаршаецца.

(Сініцын: ) "На прыкладзе Беларусі мы гэта бачым. Як толькі Беларусь адыходзіць ад гэтых прынцыпаў, не прызнае дэмакратыю, называючы яе "дзермакраціяй", а да лібэральнай эканомікі ставіцца зьдзекліва, а тэхніка, натуральна, не разьвіваецца, дык усё ў нас пайшло абы-як… Таму асновай праграмы нашага фонду ёсьць садзейнічаньне дэмакратыі, дэмакратычным працэсам, фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, лібэральнай эканомікі і падтрымка разумных людзей, якія могуць нешта зрабіць у навуцы, тэхніцы. Вось нашыя асновы".

Таму асаблівую ўвагу фонд будзе зьвяртаць на беларускую моладзь. Для яе плянуецца наладжваць вучобу, кансультацыі, стажыроўкі ў найлепшых расейскіх фірмах, а таксама ў краінах Балтыі.

Што тычыцца агульнага кірунку новай арганізацыі, дык яе сустаршыня тлумачыць яго так:

(Сініцын: ) "Канцэпцыя нашая абсалютна ідэнтычная той, якую ўсюды выказвае Ўладзімер Пуцін. Папулізм палітычны тут бессэнсоўны. Хочаце мець такія тарыфы, як у Расеі — выконвайце ўмовы. Ня тое, што кажуць: зробім аднольковыя ўмовы гаспадараньня. Аднолькавыя ўмовы патрабуюць і адзіных правілаў гульні, перш-наперш. Таму Расея і паставіла ўмову — зрабіце адзіныя правілы гульні, тады будуць і адзіныя тарыфы на газ".

Што да набліжэйшых палітычных плянаў спадара Сініцына, дык, паводле ягоных словаў, мясцовыя выбары асабіста для яго ня маюць важнай ролі. Але ён будзе спрыяць таму, каб у мясцовыя саветы прыйшло як мага больш маладых энэргічных асобаў.
XS
SM
MD
LG