Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕСТ ГРОШАЙ ЗАРОБКІ Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ СЭКТАРЫ ПЛАЦЯЦЬ ЦУКРАМ, РУШНІКАМІ Й НАВАТ ГНОЕМ


Ігар Карней, Менск

Рабочыя многіх буйных прадпрыемстваў зайздросьцяць тым, хто заняты ў сфэры вытворчасьці харчоў: прадукты прадаць куды лягчэй, чым жалезабэтонныя пліты ці няякасную бытавую тэхніку. Вось што кажа працаўнік аршанскага мясакамбінату:

(Працаўнік мясакамбінату: ) "Гандлярам крамы ад нашага мясакамбінату даюць каму часткова, а каму цалкам заробак тушонкай, якую яны самі потым тут жа й прадаюць, праз сваю ж краму. Тушонкі, зрэшты, у бляшанцы амаль няма, адзін тлушч. Ведаю, што аршанскаму льнокамбінату ўсе прамінулыя месяцы плацілі рушнікамі, адрэзамі тканіны. А гэта ж ільнокамбінат, вельмі саліднае некалі, грашовае прадпрыемства. Карацей, усё ідзе да таго, што з грашыма туга, і ўкараняецца ранейшая практыка".

Зрэшты, некаторыя задаволеныя і такім разьлікам. Аднаго разу на лідзкім "Лідсельмашы" заробак супрацоўнікам выдалі... гноем: менавіта такім чынам неплатаздольныя калгасы разьлічыліся за сельгастэхніку з прадпрыемствам. І калі ўладальнікаў лецішчаў напярэдадні гарачай пары на прысядзібных надзелах такі расклад нават задавальняў, то астатнія ня ведалі, як збыць такі спэцыфічны тавар.

Нашмат горшая сытуацыя ў вёсках. У бальшыні рэгіёнаў і без таго сьціплыя заробкі не атрымалі яшчэ за сьнежань. Аплата калгасам за некалі здадзеную дзяржаве прадукцыю гэтаксама трымаецца на натуральнай аснове. Цукар, мука, грэчка — галоўная валюта ў часе такіх разьлікаў з калгасамі, якія, у сваю чаргу, гэтак жа спрабуюць вырашыць праблему запазычанасьцяў. Тацяна Вяль, кіраўніца аддзелу кадраў аднаго з калгасаў на Гарадзеншчыне, скардзіцца, што і ў гэтай сытуацыі людзей спрабуюць падмануць:

(Вяль: ) "Заробак даюць натуральным таварам. Але гэта такая натура, што грэчка на рынку 500 рублёў за кіляграм, а з намі расплачваліся па 700. Цукар на рынку 650 рублёў, а ў нас 730. Вось і збудзь яго дзе. Трэба ж, каб пералічвалі таньней, бо каму прадасі, калі трактарыст зарабляе 15—20 тысячаў? Яму на мех цукру трэба працаваць два месяцы, бо мех каштуе 36 тысяч".

Малапрыемныя пэрспэктывы вымушаюць тых людзей шукаць іншыя варыянты працаўладкаваньня. Спадар Валеры 30 год аддаў калгасу, але кажа, што зробіць усё, каб трое ягоных дзяцей не засталіся тут на вечныя пакуты:

(Валеры: ) "Людзям маладым трэба, каб заробак быў своечасова: каб пад'есьці, апрануцца. Мы ўжо сталага веку, дык неяк перабіваемся. Усе хочуць, каб плацілі, як раней: дванаццатага, дык дванаццатага. А так дзеля чаго працаваць? Тры-чатыры месяцы заробку няма, потым атрымаеш, інфляцыя палову забярэ. Толькі што ўжо свая гаспадарка: сьвінка, кароўка. Але людзі ўжо і іх прадаюць. Праўда, за той рубель, які затрачаны на гадоўлю, зусім ня варта скаціну збываць: кошты надзвычай нізкія на прадукцыю сельскай гаспадаркі — і на малако, і на мяса. Але ж трэба выжываць..."

Ні ў адным з галіновых дзяржаўных ведамстваў няма статыстыкі: якую долю займае натуральная аплата ў разьліках з працаўнікамі прамысловасьці ці сельскай гаспадаркі. Але незалежныя экспэрты мяркуюць, што напярэдадні сяўбы "жывых" грошай у дзяржаўных скарбонках стане яшчэ менш.
XS
SM
MD
LG