Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ДРУК ПРА БЕЛАРУСКІХ “МУРАШОЎ"


Алена Панкратава, Менск

Нямецкае слова “Ameise”, якое літаральна перакладаецца як “мураш”, хутчэй за ўсё больш адпавядае таму, што ў нас апошнім часам завецца “чаўнаком”. Гэта гандляр, нелегальны працоўны, той, хто робіць свой бізнэс у блізкім і далёкім замежжы, пераважна ў краінах, дзе непатрэбныя візы. Такіх краінаў для беларускіх мурашоў з кожным годам становіцца ўсё меней.

Паводле нямецкай газэты "Berliner Zeitung", мурашам альбо тым, хто робіць рэгулярныя гандлёвыя апэрацыі па маршруце Масква-Менск-Варшава-Бэрлін, прысьвечаныя цэлыя сацыялягічныя дасьледаваньні. Сетка мурашынага гандлю, піша "Berliner Zeitung", — гэта сапраўдная белая пляма на эўрапейскай мапе. У гэтай своеасаблівай эканоміцы выжываньня прысутнічаюць элемэнты крыміналу, кантрабанды.

Як піша "Berliner Zeitung", пры бліжэйшым знаёмстве з падобным фэномэнам зьдзіўляешся, якія невысокія жыцьцёвыя патрабаваньні маюць самі чаўнакі. Але больш за ўсё аўтара ўражвае адладжанасьць інфармацыйнага забесьпячэньня ўнутры гэтага памежнага лятэнтнага бізнэсу.

У залежнасьці ад рынкавага попыту ў тых ці іншых краінах, плынь тавараў і людзей празь мяжу вельмі хутка пераарыентоўваецца. Учора гэта былі “бэбі-сытэры”, сантэхнікі, мэбельшчыкі... Сёньня іхнае месца могуць заняць мадэлькі.

Як піша "Berliner Morgenpost", беларускія прыгажуні — мадэлі, удзельніцы вядомага паказу моды на самым даўгім эўрапейскім подыюме на Ку-Дам, знаходзяцца ў Бэрліне ў зусім некамфортных умовах. У Нямеччыне дзяўчаты працуюць фактычна па дэмпінгавых цэнах. Праца нярэдка паўлегальная, жытло — ня зь лепшых.

За час пасьля падзеньня Бэрлінскае сьцяны ў шэрагах "мурашоў" утварылася ўласная гіерархія паводле нацыянальна-эканамічных прыкметаў. Зразумела, польскія "мурашыхі" займаюць больш высокую пазыцыю ў гэтак званым табелі аб рангах.

Як піша "Sueddeutsche Zeitung", кожны панядзелак увечары з Брусэля выяжджае аўтобус, які давязе вас ажно да самага Бугу. Кожную пятніцу такі ж аўтобус ідзе ў зваротным кірунку ў Бэльгію. Большасьць пасажыраў — польскія жанчыны, якія на ўік-эндзе працуюць ў багатых бэльгійскіх сем'ях альбо ў буйных гатэлях. Жыхаркі ўсходнепольскіх мястэчак, у сваю чаргу, наймаюць ў свае хаты ў якасьці прыбіральшчыц альбо эканомак жанчын зь Беларусі. Тыя з задавальненьнем прымаюць падобныя прапановы.

Нярэдка, піша "Sueddeutsche Zeitung", беларускі ідуць празь мяжу пешкі з бутэлькамі гарэлкі ў кішэнях альбо едуць на роварах, матацыклах, аўтобусах, электрычках. Мытнікі і паліцыянты могуць абкласьці вялікімі штрафамі іхныя цыгарэты, каністры з бэнзынам, аднак часьцей заплюшчваюць на гэта вочы. “Мурашы” зь Беларусі, а таксама з Украіны, на працягу аднаго дня могуць памяняць некалькі кірмашоў, пакуль не прададуць увесь свой тавар. Часьцей за ўсё яны спыняюцца ў танных пансыёнах альбо ў пэнсіянэрак. Такі мурашыны гандаль дапамагае выжыць абодвум бакам.
XS
SM
MD
LG