Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ПЕРАТВАРАЕЦЦА Ў ІМПАРТЭРА БУЛЬБЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Адмыслоўцы,аднак, заяўляюць пра нерэальнасьць гэтай лічбы, бо летась калгасы сабралі меньш за мільён тонаў. Для насельніцтва гэта азначае далейшы рост коштаў на “другі хлеб”і павелічэньне імпарту больш якасных гатункаў на патрэбы ўнутранага рынку.

Нацыянальны прадукт Беларусі — бульба — перастае быць прыярытэтным накірункам сельскай гаспадаркі: пасяўныя плошчы калгасаў за апошнія гады скарочаныя ў 10 разоў — з 700 да 70 тысяч гектараў. А дрэнная якасьць “другога хлебу” ня толькі зьмяншае экспартныя пастаўкі, але прымушае нават імпартаваць бульбу.

Да прыкладу, “бульбу-фры” рэстарацыі “Макдональдз” гатуюць з галяндзкай бульбы гатунку “Санта”. За ўсе тры гады сваёй працы ў Беларусі замежныя рэстарацыі не купілі ў айчынных сельгасвытворцаў ні кіляграма бульбы. Гаворыць кіраўнічка аддзелу маркетынгу рэстарацыі “Макдональдз” Вольга Траян:

(Траян: ) “Мы не выкарыстоўваем беларускую бульбу з тае прычыны, што для вытворчасьці “фры” ва ўсім сьвеце выкарыстоўваюцца адмысловыя гатункі бульбы, якія ў Беларусі не культывуюцца. Гэтая бульба павінна адпавядаць многім парамэтрам па крухмалу, па памерах і іншых, якія жорстка кантралююцца. Акрамя таго, як бульба расьце, апрацоўваецца — ад гэтага залежыць, ці будзе яна такой, зь якой можна прыгатаваць менавіта “фры”.

Між тым, бульбаводы Галяндыі яшчэ дзесяць гадоў таму прапанавалі беларускім калегам для выпрабаваньня найпапулярнейшую цяпер “Санту”. Аднак заплаціць за арыгінальнае насеньне, каб распачаць масавую вытворчасьць экспартнага гатунку, улады грошай не знайшлі. Акрамя таго, беларускія навукоўцы й самі не зьбіраюцца саступаць ранейшыя пазыцыі вытворцаў лепшых у Эўропе насенных гатункаў бульбы. Гаворыць дырэктар унітарна-вытворчага прадпрыемства “Бульба” Анатоль Стома.

(Стома: ) ”Узбэкі мянялі беларускую бульбу на галяндзкую: за кіляграм беларускай прапаноўвалі два кіляграмы галяндзкіх гатункаў. Гэта сьведчыць, што якасьць беларускай бульбы цудоўная.

Але асноўныя складнікі ўраджаю — гэта гатунак і сродкі аховы. Да прыкладу, летась сродкамі абароны бульбы склады былі забясьпечаныя на 45%. У прыватнасьці, фосфарных угнаеньняў было толькі 30% ад патрэбаў. Але на складах — гэта яшчэ ня значыць, што яны будуць купленыя. Натуральна, што ўраджайнасьць зьнізілася й якасьць бульбы, натуральна, адрозьніваецца ад той, што была, скажам, 10 гадоў таму”.

Яскрава пра крызыс у бульбаводзтве гаворыць і той факт, што сельгасвытворцы ня ў стане скарыстацца селекцыйнымі вынаходніцтвамі нават айчынных навукоўцаў. Сёньня ў дзяржаўным рэестры зарэгістраваныя 32 гатункі айчыннай сэлекцыі бульбы, а ў бліжэйшыя гады заплянавана павялічыць гэты сьпіс да 50 найменьняў. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што дзеля якасьці й высокага ўраджаю на кожныя 100 гэктараў гаспадаркі трэба купляць 28 тонаў элітнага насеньня. У залежнасьці ад гатунку адна тона цяпер каштуе ад 300 да 500 даляраў. Пераважнай бальшыні калгасаў гэткія сумы не па кішэні. Гаворыць Анатоль Стома:

(Стома: ) ”Многія гаспадаркі элітны матэрыял практычна не набываюць — няма грошай. Хтосьці купляе 5 тонаў, хтосьці 10. У выніку бульба на экспарт, канечне ж, не пастаўляецца. Рынак Расеі сёньня ставіць пытаньне канкрэтна: бульба павінна ня толькі адпавядаць стандартам, але й быць сартавой. Нават харчовая. Калі ж рынку збыту няма, то натуральна кіраўнік гаспадаркі скарачае пасяўныя плошчы”.

Традыцыйныя рынкі збыту — краіны СНД — Беларусь згубіла яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Тады, нібыта ў мэтах харчовай бясьпекі краіны, урадавай пастановай быў абмежаваны вываз харчовай бульбы за межы Беларусі. Цяпер сваю бульбу на ўсход ад Беларусі пастаўляюць польскія й нямецкія экспартэры.

Вярнуць пакупніцкую цікавасьць не ўдаецца з цалкам аб’ектыўных прычынаў: Узбэкістан мог бы штогод купляць 150 тысяч тонаў клубняў, але задаволіць гэтую просьбу Беларусь ужо ня ў стане.

На экспарт элітнага насеньня негалосная забарона існуе й сёньня: так, днямі літаральна з-за варотаў прадпрыемства была вернутая машына з 2 тонамі насеньня, якое зьбіраўся набыць літоўскі фэрмэр. Зрэшты, агульная вытворчасьць “другога хлебу” у краіне ня зьменшылася: 700 тысяч гэктараў, на якіх расла калгасная бульба, цяпер апрацоўваюць вяскоўцы і гаспадары лецішчаў. Такім чынам, да 80% насельніцтва ўласнаручна забясьпечвае свае харчовыя патрэбы. Гаворыць пакупніца менскай крамы “Сортнасеньнегандаль” спадарыня Зінаіда:

(Зінаіда: ) “Бульбу купіла насенную, таму што кажуць — на лецішчах трэба мяняць, каб лепш расла. 640 рублёў за кілаграм. Але з гэтай бульбы можна нешта й узяць, таму што яна сартавая й будзе добры ўраджай”.

(Карэспандэнтка: ) ”Колькі вы засадзіце гэтай бульбай?”

(Пакупніца)“Паўсоткі”.

Але й у прыватным сэктары крызыс непазьбежны з тае ж прычыны — адсутнасьці сродкаў. Дзеля таго, каб абнавіць элітным насеньнем, да прыкладу, 10 “сотак” зямлі, трэба прыкладна 400 кіляграмаў бульбы, што па сёньняшніх коштах ад 250 да 350 тысяч рублёў. Такую “раскошу” сёньня сабе могуць дазволіць ня многія. Гаворыць загадчыца менскай крамы № 5 “Сортнасеньнегандаль” Інэса Цьвірко:

(Цьвірко: ) “Дорага. У нас элітнае й супэрэлітнае насеньне, таму кошты па 600 — 900 рублёў. Ня кожны можа сабе дазволіць. Купляюць па мяху, 20, 10, а то й 1 — 2 кіляграмы для разводу. Таму штодзень мы замаўляем ня больш за 30 — 40 кіляграмаў”.

Адмыслоўцы заяўляюць, што цяперашняе становішча на беларускім рынку бульбы захаваецца да таго часу, пакуль у сельскай гаспадарцы існуе камандна-адміністрацыйная сыстэма кіраваньня. Як вынік — сёньня ў розьнічным гандлі кіляграм бульбы рэалізуецца па цане ад 300 да 500 рублёў. Год таму цэны былі амаль удвая ніжэйшыя.
XS
SM
MD
LG