Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ АНАЛІЗУЮЦЬ РАШЭНЬНЕ ЗША ПАДВЫСІЦЬ МЫТУ НА ЎВОЗ СТАЛЁВАЙ ПРАДУКЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

Беларускія ўлады распачалі аналіз наступстваў для краіны рашэньня Злучаных Штатаў падвысіць мыту на ўвоз у краіну сталёвай прадукцыі. Пра гэта Радыё Свабода сёньня паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка:

(Латушка: ) "Мы вывучаем гэтае пытаньне, зьвязанае з увядзеньнем адпаведных мытных пошлін Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Наколькі мы маем інфармацыю, гэтыя захады робяцца для таго, каб паспрыяць разьвіцьцю ўласных вытворцаў ЗША.

Такого кшталту захады стала адсочваюцца МЗС Беларусі з адпаведнымі ведамствамі Беларусі, а таксама з адпаведнымі вытворцамі. Мы лічым, што згаданыя захады ня будуць тычыцца беларускіх вытворцаў і ня будуць мець нейкіх значных эканамічных наступстваў".

Як высьветлілася, апроч Міністэрства замежных справаў разглядаць наступствы мытнага рашэньня Злучаных Штатаў пачало таксама Міністэрства прамысловасьці.

Аднак найбольшую ўвагу новаўвядзеньне выклікала на Беларускім мэталюргічным камбінаце. Ужо раніцай на прадпрыемстве адбылася вытворчая нарада, на якой кіраўніцтва БМЗ спрабавала спрагназаваць падзеі на сталёвым рынку. Аднак удзельнікі нарады вырашылі ня рассакрэчваць сваіх рашэньняў. У прыватнасьці, адмовіўся ад камэнтару намесьнік генэральнага дырэктара БМЗ Генадзь Шыленка.

Між тым, на думку незалежных экспэртаў, заклапочанасьць жлобінскіх мэталюргаў мае падставы. Рэч у тым, што БМЗ — адзін з прыкметных удзельнікаў усясьветнага сталёвага рынку. Ягоны экспарт складае каля 70% мэталу, які выплаўляецца на прадпрыемстве. Прычым частка экспарту беларускіх мэталюргаў трапляе на амэрыканскі рынак.

У якой меры рашэньне ЗША закране Жлобінскае прадпрыемства? Вось што зазначыў на гэты конт нашаму Радыё аглядальнік газэты "Беларускі рынак" Аляксандар Алесін:
(Алесін: ) "Я мяркую, што пэўны ўскосны ўплыў будзе. Рэч у тым, што адбудзецца пераарыентацыя многіх пастаўшчыкоў мэталу з амэрыканскага рынку на рынкі Эўропы. Тут будзе назірацца значна большая канкурэнцыя. Таму і беларускіх экспарцёраў чакаюць малапрыемныя перамены. Можна чакаць прыходу ў Эўропу магутных мэталюргічных фірмаў зь Японіі, Паўднёвай Карэі, Кітая.

Пагрозу для Беларусі становіць найперш рост канкурэнцыі ў сфэры сталёвай "катанкі". Таму я лічу, у сфэры "катанкі" могуць быць ускладненьні".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG